Старшыня Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі Вольфганг Ішынгер заявіў, што яго ўразіла прыхільнасьць Аляксандра Лукашэнкі да вырашэньня канфлікту на Данбасе.
«Мяне ўразіла стаўленьне і імкненьне як мага хутчэй вырашыць сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны і дасягнуць там міру, — сказаў амбасадар Ішынгер на прэсавай канфэрэнцыі па выніках сустрэчы Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі. — Я спадзяюся, што да тых цікавых прапановаў, якія ён агучыў (уключаючы місію на ўсходзе Ўкраіны), прыслухаецца міжнародная супольнасьць. Што мяне асабліва ўразіла, гэта тое, што прэзыдэнт прапанаваў свае рэсурсы, сваю сілу, каб паўдзельнічаць у місіі на ўсходзе Ўкраіны дзеля забесьпячэньня міру і бясьпекі на гэтай тэрыторыі».
Пра пашырэньне «нармандзкай чацьвёркі»
Старшыня Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі Вольфганг Ішынгер адказаў на пытаньне Свабоды, ці трэба пашыраць фармат перамоваў аб Данбасе: да так званай «нармандзкай чацьвёркі», куды ўваходзяць Нямеччына, Францыя, Расея і Ўкраіна, дадаць іншыя дзяржавы?
Ішынгер адказаў, што ў рамках «нармандзкай чацьвёркі» апошнім часам не відаць нейкага прагрэсу, а таму невыпадкова ідуць размовы пра зьмены і пашырэньне гэтага фармату.
«Прагрэс ва ўкраінскім пытаньні можа быць дасягнуты толькі тады, калі будзе палітычная воля з абодвух бакоў, — адзначыў ён. — Я глыбока перакананы, што ЗША павінны быць за сталом перамоваў. Гэтаксама як і Эўразьвяз. Але давайце будзем рэалістамі: ва Ўкраіне фактычна ідзе прэзыдэнцкая кампанія. Таму цягам наступных 5 месяцаў да выбараў там новага прэзыдэнта чакаць прагрэсу не прыходзіцца. Разам з тым не магу не адзначыць: учорашнія рэвалюцыйныя прапановы, якія выказаў Аляксандар Лукашэнка, таксама могуць паўплываць на сытуацыю ва Ўкраіне. Ягоныя прапановы павінны быць вельмі ўважліва абдуманыя і прааналізаваныя».
Пра Косава
Вольфганг Ішынгер таксама выказаўся пра стасункі паміж Сэрбіяй і Косава. Сярод удзельнікаў сустрэчы ў Менску прысутнічаюць прэм’ер-міністар Сэрбіі і прэзыдэнт Рэспублікі Косава.
«Учора яны абмяркоўвалі тое, што неабходна працягваць перамоўны працэс, каб дасягнуць пагадненьня наконт існага канфлікту, — сказаў Вольфганг Ішынгер. — Папраўдзе, гэта няпросты кірунак дзейнасьці. Мне, як чалавеку непасрэдна ўцягнутаму ў перамоўны працэс аб Косаве, вядома, наколькі цяжка гэтае пытаньне можа разьвівацца. Таму вельмі важна, каб прадстаўнікі абодвух бакоў зьвярнуліся з просьбай больш актыўнай дапамогі да міжнароднай супольнасьці, каб дасягнуць канчатковага ўрэгуляваньня канфлікту і каб дасягнуць узаемнага прызнаньня Сэрбіі і Косава».
Чаму сабраліся ў Менску
Вольфганг Ішынгер таксама расказаў, чаму Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы і чаму сёлета яна адбываецца ў Менску. Гэта прыватная плятформа для стратэгічных абмеркаваньняў тых пытаньняў, якія тычацца бясьпекі эўрапейскага рэгіёну і сьвету ў цэлым, сказаў ён.
«Штогод у лютым яна зьбірае прыкладна 500 палітычных лідэраў з усяго сьвету, каб абмеркаваць пытаньні, якія існуюць цяпер і якія могуць узьнікнуць у будучыні. Дадаткова штогод мы праводзім сустрэчы асноўнай групы і праводзім іх у новай сталіцы краінаў сьвету. Мы былі ў Вашынгтоне, Пэкіне, Маскве. І вось цяпер у Менску», — падсумаваў ён.
Сярод удзельнікаў сустрэчы шэраг кіраўнікоў краінаў, прэм’ер-міністраў, міністраў замежных спраў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый — NATO, ЭЗ, АБСЭ і іншых. На сёньняшняй сэсіі будуць узьнятыя пытаньні раззбраеньня і кантролю над узбраеньнямі. Заключны пункт праграмы — абмеркаваньне рэгіянальных канфліктаў і сытуацыя ў сьвеце ў цэлым.