Кангрэс Пэру прагаласаваў за імпічмэнт прэзыдэнта Марціна Віскары праз абвінавачваньні ў тым, што ён раздаваў дзяржаўныя кантракты за хабар.
Пра гэта паведаміла ВВС.
Віскара заявіў, што прымае вынікі галасаваньня, ня будзе рабіць ніякіх юрыдычных крокаў і пакіне прэзыдэнцкі палац.
Да ліпеня наступнага году, калі павінен быў скончыцца прэзыдэнцкі тэрмін Віскары, функцыі кіраўніка дзяржавы будзе выконваць сьпікер парлямэнту Мануэль Марына.
Гэта ўжо другая спроба за апошнія два месяцы адправіць прэзыдэнта ў адстаўку, нагадвае ВВС. 57-гадовы Віскара раней адмаўляў абвінавачаньні ў тым, што ў часе губэрнатарства ў паўднёвай вобласьці Макегуа ўзяў хабар у памеры, эквівалентным 640 000 даляраў.
Перад цяперашнім галасаваньнем Віскара папярэдзіў, што вынікам імпічмэнту можа быць бязладзьдзе на фоне эканамічнай рэцэсіі, выкліканай пандэміяй каранавірусу.
Віскара стаў прэзыдэнтам у сакавіку 2018 году пасьля таго, як яго папярэднік на пасадзе Пэдра Пабла Кучынскі падаў у адстаўку на фоне заяваў аб куплі галасоў.
Летась Вікара распусьціў парлямэнт, спасылаючыся на перашкоды з боку заканадаўцаў у справе барацьбы з карупцыяй.
Прэзыдэнцкія выбары ў Пэру прызначаныя на красавік 2021 году. Канстытуцыя краіны забараняе Віскары балятавацца на другі тэрмін.