Як паведамляе тэлеграм-канал «Белыя халаты», сёньня суд у Менску асудзіў на 13 сутак арышту вядучага навуковага супрацоўніка аддзяленьня ўралёгіі РНПЦ анкалёгіі і радыялёгі Аляксандара Мініча.
Яго затрымалі разам з 50 мэдыкамі, якія 7 лістапада спрабавалі арганізаваць акцыю салідарнасьці ў Менску, але былі затрыманыя адразу пасьля таго, як выйшлі да Першага клінічнага шпіталя ў Менску.
Аляксандар Мініч — вядучы навуковы супрацоўнік аддзяленьня РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі (АМР) імя Аляксандрава, кандыдат мэдычных навук. Ён вядучы спэцыяліст Цэнтру ляпараскапічнай хірургіі, валодае тэхнікай малаінвазійных ляпараскапічных апэрацыяў у анкалягічнай уралёгіі.
Быў на стажы ў вядучых клініках Ізраілю (у клініцы Бэйлінсон, мэдычным цэнтры імя І. Сураскай), ва ўнівэрсытэцкай клініцы Зальцбургу (Аўстрыя), прайшоў курсы павышэньня кваліфікацыі і майстар-клясы ляпараскапічнай уралёгіі ў Нямеччыне, Чэхіі, Расеі, Украіне, Грузіі. Аляксандар Мініч уваходзіць у Эўрапейскую асацыяцыю ўралёгіі (EAU), Амэрыканскую ўралягічную асацыяцыю (AUA), Міжнароднае ўралягічнае таварыства (SIU).
Лекара-анколяга Менскага гарадзкога анкалягічнага дыспансэру Сьвятлану Дабрыян асудзілі на 13 сутак.
Арыштам таксама пакаралі лекара-траўматоляга Ігара Чанцава — на 15 сутак.