7 лістапада ў Менску былі затрыманыя каля 60 мэдыкаў. Частку ўвечары адпусьцілі з пастарункаў позвамі ў суд, а каля двух дзясяткаў адвезьлі на Акрэсьціна. Сярод затрыманых — унікальныя ў сваёй сфэры адмыслоўцы.
З раніцы ў суботу каля першага клінічнага шпіталя ўжо стаялі аўтазакі. «Хапун» пачаўся, калі мэдыкі пачалі зьбірацца на марш — на падыходах да шпіталя. У людзей не было сымболікі, не было ніякіх лёзунгаў. Пад’ехалі бусікі з танаванымі шыбамі, людзей проста запхалі ў бусікі і аўтазакі і завезьлі ў Першамайскае і Ленінскае РУУС. Некаторых адпусьцілі з пратаколамі (парушэньне артыкулу 23.34 — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і позвамі ў суды на аўторак-сераду.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», каля двух дзясяткаў мэдыкаў завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна да суду.
Усе яны — унікальныя адмыслоўцы ў сваіх сфэрах.
За кратамі ўроляг, рэнтгентоляг, анэстэзіёляг-рэаніматоляг, хімік з РНПЦ анкалёгіі
Аляксандар Мініч — вядучы навуковы супрацоўнік аддзяленьня РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі (АМР) імя Аляксандрава, кандыдат мэдычных навук.
Ён вядучы спэцыяліст Цэнтру ляпараскапічнай хірургіі, валодае тэхнікай малаінвазійных ляпараскапічных апэрацыяў у анкалягічнай уралёгіі.
Быў на стажы ў вядучых клініках Ізраілю (у клініцы Бэйлінсон, мэдычным цэнтры імя І. Сураскай), ва ўнівэрсытэцкай клініцы Зальцбургу (Аўстрыя), прайшоў курсы павышэньня кваліфікацыі і майстар-клясы ляпараскапічнай уралёгіі ў Нямеччыне, Чэхіі, Расеі, Украіне, Грузіі.
Аляксандар Мініч уваходзіць у Эўрапейскую асацыяцыю ўралёгіі (EAU), Амэрыканскую ўралягічную асацыяцыю (AUA), Міжнароднае ўралягічнае таварыства (SIU).
У ІЧУ знаходзіцца і доктар-рэнтгеноляг аддзяленьня пазытронна-эмісійнай і кампутарнай тамаграфіі РНПЦ АМР імя Аляксандрава Кірыл Паддубны.
Калега, аднакурсьніца Кірыла Алена Ляўковіч піша:
«Зараз у ізалятары часовага ўтрыманьня праходзіць нечарговы мэдычны сымпозіюм. Кірыл Паддубны, наш аднакурсьнік, да прыкладу, адзін з 8 дактароў-спэцыялістаў на ўсю краіну. У часы, калі кожны мэдык на вагу золата, можна дазволіць запакаваць пару дзясяткаў адмыслоўцаў».
На Акрэсьціна Кірыл Працэнка — загадчык ізатопнай лябараторыі кантролю якасьці радыяфармацэўтычных лекавых сродкаў РНПЦ анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі.
Кірыл паводле адукацыі хімік, скончыў хімічны факультэт БДУ.
Затрыманы і анэстэзіёляг-рэаніматоляг вышэйшай катэгорыіі РНПЦ анкалёгіі Валер Жгіроўскі.
«Амаль 40 гадоў ён ратуе анкалягічных хворых, дарослых і дзяцей. Разумны, адукаваны, інтэлігентны, назвычай сьціплы Чалавек! Калі на вуліцы выйшлі такія мэтры нашай мэдыцыны, значыць, усё, край. Маўчаць і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, немагчыма», — піша ў фэйсбуку Інэса Дароніна.
На Акрэсьціна — псыхіятар, адмыслоўца ў цяжкіх псыхатычных разладах і шызафрэніі
Сяргей Папоў працуе на катэдры псыхіятрыі і наркалёгіі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі (БелМАПА).
З чырвоным дыплёмам скончыў Віцебскі мэдычны ўнівэрсытэт. Дасканала валодае ангельскай мовай. Па разьмеркаваньні працаваў тэрапэўтам і доктарам агульнай практыкі ў Воршы. З 2005 году спэцыялізуецца на псыхіятрыі — адмысловец у сфэры псыхасацыяльных інтэрвэнцыяў і псыхатэрапіі цяжкіх псыхатычных разладаў і шызафрэніі.
Сяргей Папоў займаецца псыхааналітычнай тэрапіяй памежных асабовых разладаў, тэрапіяй афэктыўных і трывожных разладаў.
Ён сябра Беларускай псыхіятрычнай асацыяцыі, старшыня яе этычнай камісіі, сябра Міжнароднага таварыства псыхалягічных і сацыяльных падыходаў да псыхозаў.
У нэўроляга Кацярыны Мазурэнкі сёньня дзень нараджэньня
Праз 5 гадзін пасьля затрыманьня жанчын пачалі адпускаць з позвамі ў суд на аўторак і сераду. Сваякі, калегі, якія чакалі мэдыкаў каля пастарункаў, спадзяваліся, што жанчын вызваляць, ня будуць трымаць на выходныя ў ізалятары. Але вызвалілі ня ўсіх.
У доктара-нэўроляга Кацярыны Мазурэнкі 8 лістапада — дзень нараджэньня.
Яна — дацэнт катэдры нэўралёгіі і нэўрахірургіі БелМАПА.
Кацярына Мазурэнка спэцыялізуецца на праблемах дыягностыкі і лячэньня рэдкіх хваробаў — Паркінсана, расьсеянага склерозу. Навукоўца і доктарка-практык апублікавала больш за 40 навуковых працаў, яна мае патэнт на вынаходзтва «Спосаб вызначэньня наяўнасьці кагнітыўных парушэньняў у пацыентаў з хваробай Паркінсана».
Тры гады таму Кацярына абараніла кандыдацкую дысэртацыю. Цяпер працуе над доктарскай.
На Акрэсьціна кардыёляг, якая лячыла інфаркт у АМАПаўца
На Акрэсьціна знаходзіцца кардыёляг, загадчыца кардыялягічнага цэнтру 36-й паліклінікі Вольга Карнеева.
Вось што пра Вольгу Карнееву піша ў фэйсбуку Тацяна Марціновіч:
«Я зь ёю пазнаёмілася на Пушкінскай, калі мы венікамі вымяталі соль зь пяском, якімі пакрылі надпіс „Не забудзем“. Вольга расказала гісторыю. Калі быў адзін зь першых жаночых маршаў каля Чырвонага касьцёлу, яна была сярод гэтых адважных жанчын. Прыбыла група „прыгажуноў“ у чорным. Іх начальнік пазнаў ў Вользе Пятроўне доктара-кардыёляга, якая лячыла яго пры інфаркце міякарду. І гэты „ўдзячны“ неапазнаны суб’ект прапанаваў Вользе бесьперашкодна пакінуць плошчу. На што Вольга адказала, што ў яго зараз ёсьць выбар. Альбо яна ў аўтазак, альбо ён пакідае плошчу. І ягоная група пакінула плошчу».
Небясьпечныя для ўладаў і лекары-стаматолягі
Затрыманыя і лекары-стаматолягі. Аксана Мароз працуе стаматолягам-тэрапэўтам першай катэгорыі ў 9-й стаматалягічнай паліклініцы Менску. На Акрэсьціна трымаюць і дзіцячага лекара-стаматоляга Натальлю Акімаву зь Менскага абласнога дзіцячага шпіталю.
Сяброўка Аксаны Мароз піша ў фэйсбуку:
«Дырэктар маёй кампаніі адседзеў за пікет. Улюбёны стаматоляг і цудоўны чалавек Аксана Мароз была затрыманая на акцыі мэдыкаў. Кола звужаецца. Жарт „хто не сядзеў — той не беларус“ ужо не палохае. І чамусьці ўзгадваецца пра „кожнага чацьвёртага“ у Айчынную. Падобна, калі ў Беларусі адседзіць кожны дзясяты, нацыя стане непераможнай».