У панядзелак правацэнтрысцкія партыі Літвы: Саюз Айчыны – Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты (кансэрватары), Лібэральны рух і Партыя свабоды падпісалі пагадненьне аб фармаваньні новай кіроўнай кааліцыі, паведамляе delfi.lt.
«Мы гатовыя згуртавацца дзеля аднаўленьня сувязяў даверу ў дзяржаве і паміж людзьмі, і заключаем пагадненьне аб кааліцыі супрацоўніцтве і фармаваньні ўраду», — гаворыцца ў дакумэнце.
Партнэры па кааліцыі абавязаліся падтрымліваць кааліцыйны ўрад на чале з Інгрыдай Шыманіце.
- Інгрыда Шыманіце — эканамістка, бакаляўр у галіне бізнэс-адміністраваньня, экс-міністар фінансаў, працавала намесьніцай старшыні праўленьня Банку Літвы, дэпутатка парлямэнту. У 2019 годзе вылучалася кандыдатам у прэзыдэнты ад САЛХД і заняла другое месца, прайграўшы беспартыйнаму эканамісту Гітанасу Наўседзе.
У дакумэнце правыя сілы называюць свае каштоўнасьці, найважнейшыя прыярытэты працы на бліжэйшы час, парадак падрыхтоўкі ўрадавай праграмы.
У дамове таксама названыя асобныя пытаньні, асабліва актуальныя для партнэраў, па якіх няма агульнай згоды. Сярод іх — заканадаўчыя зьмены, якія дазваляюць забясьпечыць дэкамунізацыю публічных прастор, узаконеньне напісаньня асабістых імёнаў на асноўнай старонцы дакумэнтаў усімі літарамі лацінскага альфабэту, дэкрыміналізацыю валоданьня невялікай колькасьцю наркатычных рэчываў, зьмены да законаў, якія «дазволяць узаконіць партнэрскія адносіны, нэўтральныя ў пытаньні полу» і іншыя.
Пасьля падпісаньня гэтага пагадненьня пачнуцца перамовы аб урадавай праграме і кандыдатах у міністры, а таксама аб пазыцыях у Сэйме.