Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатка ў прэм’еры Літвы: На жаль, мы саступаем Польшчы па ўмовах пераезду беларускага бізнэсу


Інгрыда Шыманіце
Інгрыда Шыманіце

Кандыдатка на пасаду прэмʼер-міністра Літвы ад партыі «Саюз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты» (САЛХД), дэпутатка сэйму Інгрыда Шыманіце ў выпадку яе прызначэньня на пасаду мае намер працягнуць курс ураду на падтрымку беларускай апазыцыі, бізнэсу і грамадзянскай супольнасьці.

Пра свае пляны палітык расказала парталу Delfi у відэаінтэрвію, разьмешчаным 6 лістапада.

На пытаньне, ці будзе ўрад пад яе кіраўніцтвам наладжваць і падтрымліваць афіцыйны дыялёг з камандай экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай і Каардынацыйнай радай, Шыманіце адказала, што Літва «ужо доўгі час мае добрыя і шчыльныя адносіны з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі».

«Там шмат нашых сяброў, зь якімі нашы палітыкі сябры па 20, 30 і больш гадоў, з часоў „Саюдзіса“ (грамадзка-палітычная арганізацыя, якая ўзначаліла ў 1988–1990 гадах працэс выхаду Літоўскай ССР са складу Савецкага Саюза і аднаўленьня незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі. — БелаПАН.) і канца 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя», — адзначыла яна.

«Перад выбарамі [прэзыдэнта Беларусі] у нас былі асьцярогі наконт таго, як будзе паводзіць сябе Лукашэнка, мы трымалі руку на пульсе, каб потым неяк выступіць у пляне міжнароднай рэакцыі, — сказала Шыманіце. — Тое, што адбылося пасьля выбараў, было нават горшым, чым мы прадбачылі. Але і рэакцыя грамадзкасьці была нашмат мацнейшая, чым мы, як аптымісты, прадбачылі. [На тое, што адбылося ў Беларусі] нельга было не рэагаваць».

«Мы зьвярнуліся ў цяперашні ўрад з прапановамі з нагоды падтрымкі мэдыя, грамадзянскай супольнасьці, студэнтаў, якія сюды проста прыбягаюць зь Беларусі, бізнэсаў, якія, магчыма, хочуць сюды перасяліцца. Я думаю, што натуральным чынам урад (пад яе кіраўніцтвам. — БелаПАН.) будзе выконваць тое, што прапаноўваў цяперашняму ўраду, гэта для нас вельмі важна», — падкрэсьліла палітык.

  • Інгрыда Шыманіце — эканаміст, бакаляўр у галіне бізнэс-адміністраваньня, экс-міністар фінансаў, працавала намесьніцай старшыні праўленьня Банку Літвы, дэпутатка парлямэнту. У 2019 годзе вылучалася кандыдатам у прэзыдэнты ад САЛХД і заняла другое месца, прайграўшы беспартыйнаму эканамісту Гітанасу Наўседзе.
  • У канцы лета дасьледчая кампанія Norstat правяла на замову партала Літоўскага нацыянальнага радыё і тэлебачаньня (LRT) апытаньне грамадзян аб тым, каго яны бачаць на пасадзе прэмʼер-міністра пасьля парлямэнцкіх выбараў. 42% рэспандэнтаў назвалі Шыманіце, яна значна апярэдзіла цяперашняга прэмʼера Саўлюса Сквярняліса.
  • У Літве прэмʼер-міністар прызначаецца прэзыдэнтам са згоды сэйма. На выбарах, якія прайшлі ў кастрычніку, САЛХД атрымала 50 са 141 месца ў парлямэнце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG