На мінулым тыдні з БДМУ адлічылі 21 студэнта. На гэтым тыдні большасьць зь іх аднавілі, піша Tut.by са спасылкай на ананімных студэнтаў-мэдыкаў. У прэс-службе БДМУ паабяцалі пракамэнтаваць сытуацыю пазьней.
Дакладнай лічбы, колькі студэнтаў аднавілі, суразмоўцы Tut.by ня ведаюць. Адныя кажуць — «больш за 10», іншыя — 17.
«Пра тое, што мяне адлічваюць, я даведалася 28 кастрычніка. Тады ж у выканаўцы абавязкаў дэкана падпісалі загад аб адлічэньні, і з таго часу не хадзіла на пары», — расказвае студэнтка лячэбнага факультэту Яна. — «Учора мне патэлефанаваў намесьнік дэкана і папрасіў прыйсьці на размову. Падчас размовы мне сказалі, што мяне аднаўляюць. Дакладней, так: мне паведамілі, што мяне не адлічылі. Наколькі я разумею, пра той загад можна забыцца. Ніякіх копій папер аб адлічэньні нам не выдавалі».