Першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч падчас выступу ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце заявіў, што «ніводнага факту згвалтаваньня на Акрэсьціна» не даказана, паведамляе тэлеграм-канал «МГЛУ за Свободу».
«Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, мужчыну нельга згвалціць, а валянтэр, якога „Белсат“ прадстаўляе як мэдыка, ня мае дыплёму мэдыка і наогул інвалід-вазочнік», — гэтак адказаў Казакевіч на пытаньне студэнтаў пра факты гвалту дубінкай у ізалятары ў першыя дні пратэстаў у жніўні.
Акрамя таго, Казакевіч палічыў дарэчным прымяненьне гвалту да пратэстоўцаў, сказаўшы, што «пасьля выбараў пачалася вулічная вайна. І немагчыма спыніць масавыя беспарадкі бяз гвалту».
Жанчыну, якая заявіла пра згвалтаваньні, Казакевіч назваў «прафэсійнай прастытуткай», піша яшчэ адзін тэлеграм-канал «Студэнцкая думка».
На сустрэчу прыехала і прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава. Частка студэнтаў пачала пакідаць сустрэчу да яе завяршэньня, паколькі не атрымала канкрэтных адказаў на шэраг пытаньняў. У прыватнасьці, Казакевіч ухіліўся ад адказу на пытаньне пра справядлівасьць падліку галасоў.
«Я сьвядома пазьбегну адказу, наколькі выбары былі празрыстымі ці наадварот. Выбары прайшлі. І кіраўнік дзяржавы выбраны і, паверце мне, выбраны законна».
Згадаў Казакевіч на сустрэчы і анархістаў. Ён заявіў, што пратэст зьдзімаецца, а група анархістаў аб’ядналася, каб праводзіць акцыі прамога дзеяньня.
16 кастрычніка ў сувязі з гвалтам сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў да намесьніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча зьвярнулася ягоная былая настаўніца гісторыі, сябра экзамэнацыйнай камісіі МУС Тамара Монцік.
Яна заклікала Казакевіча ня здраджваць беларускаму народу, а судзьдзю Марыну Запасьнік — яшчэ адну сваю вучаніцу — узгадаць сапраўдныя закон і права.