У ЗША закрыліся выбарчыя ўчасткі для галасаваньня на выбарах прэзыдэнта краіны. Дзеючы прэзыдэнт Дональд Трамп і яго супернік, дэмакрат Джо Байдэн на раніцу 4 лістапада паказваюць практычна аднолькавыя вынікі. Зыход выбараў будзе залежаць ад некалькіх штатаў, дзе канчатковы падлік галасоў можа заняць некалькі дзён.
Вынік прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША застаецца пад пытаньнем. І дзейны прэзыдэнт Дональд Трамп, і ягоны супернік ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн упэўненыя ў перамозе, нягледзячы на тое, што шэсьць ключавых штатаў працягваюць падлік мільёнаў бюлетэняў.
Улады Нэвады, без тлумачэньня прычын, абвясьцілі, што да 5 лістапада прыпыняць апрацоўку бюлетэняў, пададзеных на прэзыдэнцкіх выбарах.
Выбарчая камісія гэтага штату, у якім барацьба паміж Трампам і Байдэнам разгарнулася асабліва востра, паведаміла: неабходна падлічыць галасы, дасланыя па пошце ў дзень выбараў 3 лістапада; таксама неабходна завяршыць апрацоўку пратаколаў, якія паступяць па пошце ў бліжэйшы тыдзень, і вырашыць спрэчныя моманты, зьвязаныя з пацьвярджэньнем асобы некаторых грамадзянаў, што прагаласавалі.
Галасы ў шэрагу штатаў, такіх як Пэнсільванія, Вісконсін, Мічыган і Джорджыя, усё яшчэ падлічваюцца. Падлічваюцца і мільёны галасоў, пададзеных праз пошту яшчэ да дня выбараў — 4 лістапада. Байдэн выказаў упэўненасьць, што ён рухаецца да перамогі, і заклікаў амэрыканцаў набрацца цярпеньня, пакуль «ня будуць падлічаныя ўсе галасы» і нехта з кандыдатаў не дасягне парога ў 270 галасоў калегіі электараў, неабходных для перамогі.
Дэманструючы рэзкі кантраст паміж двума кандыдатамі, Дональд Трамп, які да выбараў неаднаразова і бяздоказна заяўляў, што павелічэньне колькасьці тых, хто галасуе па пошце, прывядзе да росту фальсыфікацый, ахарактарызаваў выбары як «махлярства ў дачыненьні да амэрыканскага грамадзтва» і паабяцаў перадаць справу ў Вярхоўны суд. «Мы перамаглі на гэтых выбарах», — абвясьціў Трамп. Раней Трамп у Твітэры абвінаваціў дэмакратаў у спробе «скрасьці» вынікі выбараў. Гэтае паведамленьне было пазначана заўвагай, што «частка або ўвесь кантэнт, апублікаваны ў гэтым твіце, зьяўляюцца спрэчнымі і могуць уводзіць у зман адносна выбараў ці іншага грамадзянскага працэсу».
Прэзыдэнт ня мае юрыдычных паўнамоцтваў абвяшчаць перамогу на выбарах, вынікі якіх вызначаюцца выбарчымі камісіямі ў кожным штаце. Каманда Байдэна заявіла, што ў яе ёсьць юрысты, гатовыя супрацьстаяць прэзыдэнту, і назвала ягоныя камэнтары «абуральнымі, беспрэцэдэнтнымі і няслушнымі».
Выбары прайшлі гладка, нягледзячы на тое, што адбываліся на тле пандэміі і глыбокага расколу ў грамадзтве. Больш як 100 мільёнаў чалавек прагаласавалі датэрмінова — па пошце ці на выбарчых участках, бо пэрыяд галасаваньня ў многіх штатах быў працягнуты з прычыны каранавірусу. Празь велізарную колькасьць паштовых адпраўленьняў вынікі выбараў чакаюцца не раней, чым празь некалькі дзён. Абодва бакі заявілі, што яны гатовыя да магчымых судовых баталіяў пасьля абвяшчэньня вынікаў.