Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля тэракту ў Вене затрымалі некалькі падазраваных аўстрыйска-македонскага паходжаньня


Каля месца трагедыі.
Каля месца трагедыі.

У выніку тэракту ў Вене 2 лістапада загінулі чатыры чалавекі — два мужчыны і дзьве жанчыны, яшчэ 22 параненыя.

Паліцыя застрэліла падазраванага, які быў ідэнтыфікаваны як 20-гадовы грамадзянін Аўстрыі і Паўночнай Македоніі. Раней ён ужо быў асуджаны за тэрарызм. Два іншыя падазраваныя таксама маюць македонскія карані.

Імя забойцы — Куйтым Фэйзулаі. Ён нарадзіўся ў Аўстрыі ў сям’і з каранямі ў Паўночнай Македоніі. У красавіку летась яму прысудзілі 22 месяцы турэмнага зьняволеньня за спробу паехаць у Сырыю, каб далучыцца да экстрэмісцкай групоўкі Ісламская дзяржава. У сьнежні яго вызвалілі датэрмінова.

Фэйзулаі змог «падмануць праграму дэрадыкалізацыі ў сыстэме правасудзьдзя, падмануць людзей, якія ўдзельнічаюць у ёй, і дамагчыся датэрміновага вызваленьня з дапамогай гэтага», — сказаў міністар унутраных спраў Аўстрыі Карл Нэгамэр на прэсавай канфэрэнцыі.

Раней міністар заявіў, што забіты нападнік быў асуджаны на падставе закону, які прадугледжвае пакараньне за членства ў тэрарыстычных арганізацыях.

Міністэрства ўнутраных спраў Паўночнай Македоніі заявіла, што, паводле сьпісу падазраваных, прадстаўленаму аўстрыйскай паліцыяй, у датычнасьці да тэракту ў Вене падазраюцца яшчэ двое грамадзян Аўстрыі і Паўночнай Македоніі.

Міністэрства, якое паабяцала ўсяляк супрацоўнічаць з аўстрыйскімі ўладамі ў гэтай справе, заявіла, што двое падазраваных, ідэнтыфікаваныя як A. G. і U. A., нарадзіліся ў Аўстрыі.

Нэгамэр сказаў, што для вышуку было задзейнічана 1000 супрацоўнікаў службы бясьпекі, а суседнія краіны прапанавалі дапамогу.

Паводле ягоных слоў, стан 28-гадовага паліцыянта, які атрымаў раненьне падчас нападу, больш не пагражае жыцьцю.

Аўстрыйскае інфармацыйнае агенцтва APA са спасылкай на прэс-сакратара Асацыяцыі аховы здароўя паведаміла, што сямёра з параненых знаходзяцца ў крытычным, небясьпечным для жыцьця стане.

Атака адбылася непадалёк ад цэнтральнай сынагогі Вены, дзе бары і рэстараны запоўненыя людзьмі, усяго за некалькі гадзін да таго, як Аўстрыя павінна была зноў увесьці карантын з прычыны каранавірусу.

Курц выступіў з пасланьнем аб нацыянальным адзінстве 3 лістапада, зьвяртаючыся да сваёй краіны, і абвясьціў трохдзённую жалобу.

«Мы ніколі не дазволім гэтай нянавісьці распаўсюдзіцца, — сказаў канцлер у тэлевізійным звароце. — Мы павінны ўсьведамляць, што гэта не канфлікт паміж хрысьціянамі і мусульманамі або паміж аўстрыйцамі і мігрантамі».

«Наш вораг — ісламісцкі тэрарызм — ня толькі хоча несьці сьмерць і боль, ён хоча раскалоць наша грамадзтва», — сказаў Курц, паабяцаўшы, што Аўстрыя будзе абараняць сваю дэмакратыю, асноўныя правы і лібэральны лад жыцьця.

Жалоба працягнецца да 5 лістапада, вырашылі ва ўрадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG