Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гары Каспараў: Лукашэнка трымаецца толькі дзякуючы падтрымцы Пуціна


Гары Каспараў
Гары Каспараў

Чэмпіён сьвету па шахматах, заснавальнік Форуму свабоднай Расеі, кіраўнік Фонду абароны правоў чалавека Гары Каспараў у гутарцы зь Міхаілам Сакаловым разважае пра ўрокі беларускага супраціву для расейскай апазыцыі.

— Давайце паглядзім на тое, што адбываецца па суседзтве з Расеяй — у Беларусі, дзе ідуць пратэсты супраць дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі, усё гэта зараз працягваецца пад лёзунгам агульнанацыянальнай забастоўкі. Аляксандар Лукашэнка паабяцаў не прызнаваць замежныя дыплёмы, гэта значыць, ёсьць яшчэ адна форма ціску на студэнтаў, якія могуць зьехаць пасьля выключэньня з ВНУ вучыцца за мяжу. Якія ўрокі беларускага супраціву для расейскай апазыцыі? Чаму Беларусь, дарэчы, у сувязі з выбарамі, да якіх вы скептычна ставіцеся, выйшла з палітычнай сьпячкі, а Расея неяк пакуль не зьбіраецца?

— Па-першае, наконт пагроз Лукашэнкі не прызнаваць дыплёмы. Зразумела, што дыплём — гэта рэч, якая ня заўтра будзе выдадзена. Калі, дай бог, гэтыя студэнты атрымаюць дыплёмы, ніякага Лукашэнкі ў Беларусі ня будзе.

Відавочна, што рэжым Лукашэнкі гістарычна асуджаны, прычым гістарычна — гэта не ў далёкай пэрспэктыве, а досыць хутка. Трымаецца ён на плыву толькі дзякуючы безумоўнай падтрымцы Пуціна.

Мне здаецца, многія не разумеюць, што гэтая падтрымка носіць ня толькі матэрыяльны характар. Зразумела, што ёсьць фінансавыя рэсурсы, падсілкоўваньне, якое дазваляе Лукашэнку плаціць гэтым дзяржымордам на вуліцах, плаціць вар’яцкія грошы, якія разам зь іншымі, мэдычнымі стымулятарамі робяць іх сапраўды пазбаўленымі чалавечага аблічча і гатовымі ісьці на любыя злачынствы, каб выканаць волю свайго гаспадара.

Расклад сілаў у Беларусі дастаткова відавочны, як з пункту гледжаньня сацыялягічных апытаньняў, так і гледзячы на вуліцу і на марныя спробы Лукашэнкі арганізаваць нейкую сваю Паклонную гару, дэманстрацыю ў сваю падтрымку, якія, безумоўна, усе праваліліся. Прыкладна 80%, а можа і больш, насельніцтва Беларусі хоча, каб Лукашэнка сышоў. З гэтых 80%, напэўна, ня болей за палову гатовыя да актыўных дзеяньняў, да пратэстаў, палова проста чакае.

Відавочна, што пераважная большасьць жыхароў Беларусі ад Лукашэнкі стомленая і хоча яго сыходу. Трымаецца Лукашэнка толькі дзякуючы гэтай безумоўнай пуцінскай падтрымцы, таму што ў любым іншым выпадку, мы проста ведаем з гісторыі, у працэс умешваецца армія.

Шмат людзей, якія выходзяць на вуліцу, у іх ёсьць сваякі; армія, у рэшце рэшт, набіраецца не з марсіян, яна таксама набраная зь беларусаў. Калі зьверствы паліцэйскіх зашкальваюць ужо, армія прыходзіць на выручку і бярэ на сябе ініцыятыву. Гэтага не адбываецца менавіта таму, што сувязі беларускіх генэралаў з расейскім Генштабам, з Крамлём відавочныя. Пакуль цень Пуціна маячыць за Лукашэнкам, беларуская армія застаецца ў казармах, а гэта дазваляе Лукашэнку беспакарана весьці тэрор на вуліцах.

Я думаю, і гэта даволі абмежаваная па часе магчымасьць, менавіта таму, што лічбы ўсе працуюць супраць Лукашэнкі. У гэтай сытуацыі Эўропа ўпершыню паказала, што яна не гатовая цярпець бясчынствы дыктатара на яго тэрыторыі. Дзеяньні эўрапейскіх палітыкаў, эўрапейскіх інстытутаў даволі выразна паказваюць на тое, што Эўропа ня будзе мірыцца з захаваньнем лукашэнкаўскай дыктатуры. Тое, як прымаюць Ціханоўскую, як ставяцца да Каардынацыйнай рады беларускай апазыцыі, дэманструе гатоўнасьць Эўропы аказаць усялякую дапамогу з тым, каб сытуацыя ў Беларусі была вырашаная на карысьць пераважнай большасьці жыхароў гэтай краіны.

Цяпер што тычыцца ўрокаў беларускага супраціву. Вынік выбараў, на якіх пераканаўча перамагла Ціханоўская, і справакаваў гэты масавы пратэст, які фактычна перарос сёньня ў рэвалюцыю... Трэба разумець, што ёсьць выбары, а ёсьць выбары. У Савецкім Саюзе ў канцы 1980-х гадоў выбарная тэма была вельмі актуальная, таму што слабы рэжым ішоў на гэтыя саступкі. Калі рэжым спрабуе з дапамогай выбарных мэханізмаў патушыць пратэставую актыўнасьць, у выбарах удзельнічаць, безумоўна, трэба, таму што ёсьць магчымасьць захапіць ініцыятыву, калі казаць шахматнай мовай.

У Расеі сытуацыя роўна адваротная, рэжым ні на якія саступкі не ідзе, ніякіх рэгістрацый апазыцыйных кандыдатаў не было і не прадбачыцца. Усё ператвараецца ў мішуру, у дэкарацыі кардэбалету, які Крэмль пастаянна выкарыстоўвае для дасягненьня сваіх канкрэтных мэтаў.

У Беларусі Лукашэнка пайшоў якраз па дарозе слабеючай дыктатуры, даў магчымасьць апазыцыйным кандыдатам, у дадзеным выпадку Сьвятлане Ціханоўскай, удзельнічаць, лічачы, што жанчына, якая ня мае ніякага палітычнага вопыту, якая ня мае ніякіх сувязяў у апазыцыйным асяродзьдзі, будзе зручным спарынг-партнэрам.

Але ён пралічыўся, недаацаніўшы, што галасаваньне будзе не за новага кандыдата, у дадзеным выпадку Сьвятлану Ціханоўскую, а супраць яго. Любы кандыдат, які не выглядае як падстаўная фігура, можа сабраць вялізную колькасьць галасоў. У гэтым пляне параўноўваць Беларусь з Расеяй не выпадае, бо ніякіх пакуль прыкмет, што ў Расеі будзе нешта падобнае да беларускай сытуацыі ліпеня-жніўня сёлета, пакуль няма.

Што тычыцца супрацьстаяньня на вуліцах, добра, што яно пакуль мірнае з боку пратэстоўцаў, што яны пакуль не даюць падставы для ўжываньня агнястрэльнай зброі, для прымяненьня крайніх мер.

Але таксама відавочна, што гэта ня можа працягвацца бясконца, таму што абсалютная колькасная перавага з аднаго боку рана ці позна прыводзіць да таго, што многія губляюць цярпеньне. Мне здаецца, гэта пытаньне недалёкага часу, калі працяг супрацьстаяньня пры захаваньні гэтых прапорцый прывядзе да таго, што людзі, якія выступаюць супраць Лукашэнкі, стануць значна больш агрэсіўнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG