Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Die Welt: у Брусэлі мяркуюць, што Пуцін можа дазволіць прэм’ерства Бабарыкі пры «самаабвешчаным» Лукашэнку


Сытуацыя ў Беларусі, масавыя пратэсты, ультыматум Лукашэнку і нацыянальны страйк застаюцца ў цэнтры ўвагі многіх замежных сродкаў масавай інфармацыі.

ВВС: Ад студэнтаў да пэнсіянэраў: усеагульны страйк у Беларусі

Паводле брытанскай ВВС, Беларусь увайшла ў другі дзень агульнанацыянальнага страйку, абвешчанага 26 кастрычніка, пасьля таго, як скончыўся тэрмін «народнага ультыматуму», выстаўленага Аляксандру Лукашэнку лідэрам апазыцыі Сьвятланай Ціханоўскай.

ВВС піша, што да акцыі далучыліся студэнты ВНУ, дзесяткі прыватных кампаній і работнікі шэрагу заводаў. Некаторыя крамы зачыніліся «з тэхнічных прычынаў», многія службоўцы ўзялі водпуск за свой кошт.

Паводле ВВС, на некаторых прадпрыемствах страйкоўцам пагражаюць звальненьнямі. Пры гэтым улады краіны сьцьвярджаюць, што ўсе прадпрыемствы працуюць у штатным рэжыме.

Deutsche Welle: Улады Беларусі пачалі звальняць работнікаў, якія далучыліся да страйку

Нямецкая радыёстанцыя Deutsche Welle прыводзіць прыклад супрацоўнікаў кампаніі «Беларусьнафта», якія 26 кастрычніка далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі. Шасьцёра супрацоўнікаў упраўленьня прамыслова-геафізычных работ у Рэчыцы запісалі і разьмясьцілі на Youtube відэазварот, у якім выказалі пратэст супраць гвалту і беззаконьня. Цяпер, піша Deutsche Welle, яны пазбавяцца працы. Ад іх патрабавалі «абвергнуць свой учынак», але яны адмовіліся.

Таксама Deutsche Welle паведамляе, што Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International запатрабавала ад беларускіх уладаў спыніць гвалт супраць дэманстрантаў на вуліцах, у месцах зьняволеньня, а таксама супраць работнікаў, якія ўдзельнічаюць у страйку.

Die Welt: Ультыматум Лукашэнку нясе некалькі рызык

На думку аўтараў нямецкай Die Welt Паўла Лакшына і Крыстафа Шыльца, ультыматум нясе шмат рызыкі. Журналісты пішуць, што апазыцыя задумвала страйк для таго, каб істотна павялічыць ціск на Лукашэнку і прымусіць яго нарэшце сесьці за стол перамоваў, а таксама каб зрабіць уражаньне на расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і прымусіць яго адмовіцца ад падтрымкі Лукашэнкі.

Паводле Die Welt, у Брусэлі сумняваюцца, што ў страйку возьме ўдзел вялікая колькасьць работнікаў, бо ў многіх рэгіёнах занадта вялікі страх звальненьняў і рэпрэсій.

Але вялікі непакой у эўрапейскіх дыпляматаў выклікае магчымасьць радыкалізацыі пратэсту ў адказ на гвалт з боку сілавых структур Беларусі. Дыпляматы баяцца, што гвалт з боку ўдзельнікаў пратэстаў дасьць падставы Пуціну ўмяшацца ў канфлікт з дапамогай расейскіх сілавых структур.

З другога боку, у Брусэлі разглядаюць і магчымасьць посьпеху ўсеагульнага страйку і працягу моцных пратэстаў. Тады, мяркуюць у Брусэлі, Пуцін, магчыма, дапусьціць арыштаванага апазыцыянэра Віктара Бабарыку ў якасьці прэм’ер-міністра пры самаабвешчаным прэзыдэнце Лукашэнку, каб разрадзіць абстаноўку.

Пры такім сцэнары Сьвятлане Ціханоўскай будзе складана захаваць сваю ролю, бо з дапамогай Літвы, пішуць нямецкія журналісты, яна стала «постацьцю Захаду», таму Пуцін ніколі ня прыме Ціханоўскую ў ролі лідэра, — рэзюмуе Die Welt.

The Guardian: Работнікі і студэнты Беларусі пачалі страйк супраць Лукашэнкі

Паводле брытанскай газэты The Guardian, нягледзячы на тое, што на вуліцах Менску зноў зьявіліся вялікія калёны пратэстоўцаў і ёсьць адчуваньне, што пратэст аднавіў сілу, няма ніякіх прыкмет таго, што значная колькасьць работнікаў на кантраляваных дзяржавай заводах далучылася да страйку. У тых месцах, дзе работнікі сапраўды спрабавалі страйкаваць, улады жорстка ўмешваліся. На адным зь вядучых хімічных заводаў краіны «Гродна Азот» арыштавалі больш за 100 патэнцыйных страйкоўцаў.

Многія прыватныя прадпрыемствы зачыніліся на дзень, а некаторыя супрацоўнікі ўзялі выходны на знак салідарнасьці. У Менску зачыніўся шэраг рэстаранаў і кавярняў, але іншыя працавалі ў звычайным рэжыме. Студэнты былі актыўнымі удзельнікамі страйку, калёны пратэсту рухаліся па горадзе цэлы дзень.

У выніку такой актывацыі пратэсту, піша The Guardian, улады будуць вымушаныя або пайсьці на саступкі, або падвысіць градус рэпрэсій.

The New York Times: нельга прадказаць, чым і калі скончыцца пратэст у Беларусі

Падобна, што ў панядзелак, у першы дзень страйку, піша амэрыканская The New York Times, на беларускіх дзяржаўных прадпрыемствах не было страйкаў, падобных тым, якія назіраліся ў першыя дні пратэставага руху ў жніўні. Але некаторыя працоўныя ўсё ж сышлі з працы, у тым ліку на Менскім трактарным заводзе, адной са знакавых кампаній краіны, мяркуючы па відэазапісах з тэрыторыі заводу.

«У такой напружанай сытуацыі абсалютна ўсё можа стаць спускавым кручком, які перакуліць сыстэму, — сказаў газэце Арцём Шрайбман, навуковы супрацоўнік Маскоўскага цэнтра Карнэгі зь Менску. — Гэта можа скончыцца на працягу тыдня, а можа і не памерці на працягу году. Ніводная рэвалюцыя ніколі не ішла паводле пляну».

The New York Times нагадвае, што ў гэтым месяцы дэпутат расейскай Дзярждумы Канстанцін Затулін, які спэцыялізуецца на постсавецкай прасторы, заявіў газэце, што афіцыйныя асобы «на самым высокім узроўні Расейскай Фэдэрацыі» лічаць, што Лукашэнку давядзецца сысьці ў адстаўку «рана ці позна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG