Парадак увядзеньня надзвычайнага становішча ў Беларусі рэгулюе асобны закон, які так і называецца — «Аб надзвычайным становішчы».
Надзвычайным становішчам (НС) называецца ўведзены на ўсёй тэрыторыі краіны альбо ў некаторых яе рэгіёнах часовы рэжым асаблівай прававой дзейнасьці дзяржаўных органаў і службовых асобаў. На практыцы гэта азначае абмежаваньне альбо ўвогуле пазбаўленьне некаторых правоў і свабод, гарантаваных Канстытуцыяй.
Як уводзіцца рэжым надзвычайнага становішча
У адпаведным законе сказана, што поўны або частковы рэжым НС у Беларусі можа быць уведзены з прычыны абставін, якія пагражаюць бясьпецы, альбо жыцьцю і здароўю людзей, альбо тэрытарыяльнай цэласнасьці і існаваньню дзяржавы. Пры гэтым увядзеньне надзвычайнага становішча павінна спрыяць вырашэньню крызіснай сытуацыі.
Прычынамі ўвядзеньня НС могуць быць прыродныя катаклізмы, надзвычайныя здарэньні, эпідэміі, стыхійныя бедзтвы, тэхнагенныя катастрофы, а таксама масавыя беспарадкі, якія нясуць пагрозу жыцьцям людзей.
Уводзіцца рэжым надзвычайнага становішча ўказам кіраўніка дзяржавы. У трохдзённы тэрмін яго павінны зацьвердзіць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і чальцы Савету Рэспублікі. Тэкст указу павінен быць адразу ж апублікаваны і распаўсюджаны ўсімі магчымымі шляхамі.
Пры гэтым тэрмін дзеяньня надзвычайнага становішча на ўсёй тэрыторыі Беларусі ня можа быць большым, чым 30 дзён. Калі НС увялі ў асобным рэгіёне, то гэты тэрмін складае 60 дзён з моманту апублікаваньня ўказу. Пра ўвядзеньне рэжыму НС у краіне ўлады Беларусі таксама павінны паінфармаваць ААН. Калі рэжым НС уводзіцца толькі ў некаторых рэгіёнах, то паінфармаваць неабходна і ўлады краін, якія мяжуюць з такімі рэгіёнамі.
Як выглядае рэжым надзвычайнага становішча на практыцы
Усе абмежаваньні, якія ўводзяцца ў сувязі з рэжымам надзвычайнага становішча, павінны быць названыя ў тэксце ўказу кіраўніка дзяржавы. Але яны ня могуць перасягнуць межаў, акрэсьленых у законе «Аб надзвычайным становішчы».
Сярод такіх абмежаваньняў можа быць
- поўнае альбо частковае спыненьне дзейнасьці дзяржаўных органаў,
- абмежаваньне свабоды перамяшчэньня па тэрыторыі краіны,
- увядзеньне асаблівага рэжыму ўезду на тэрыторыю з рэжымам НС,
- забарона мітынгаў і страйкаў.
Акрамя гэтага, закон «Аб надзвычайным становішчы» дазваляе ўладам
- перасяляць людзей у іншыя рэгіёны,
- уводзіць карантын,
- уводзіць камэнданцкую гадзіну,
- абмяжоўваць свабоду СМІ,
- прыпыняць дзейнасьць палітычных партый і грамадзкіх арганізацый,
- забараняць правядзеньне выбараў і рэфэрэндумаў.
Пры гэтым увядзеньне рэжыму надзвычайнага становішча не абавязкова азначае прымяненьне ўсіх пералічаных захадаў. Яны могуць выкарыстоўвацца часткова.
Хто забясьпечвае выкананьне рэжыму НС
Сілавікі. У адпаведным законе гаворыцца, што мерапрыемствы па ўвядзеньні надзвычайнага становішча выконваюцца МУС, органамі дзяржаўнай бясьпекі, унутранымі войскамі. Пры неабходнасьці дазволена выкарыстаньне сілаў Мінабароны і Міністэрства надзвычайных сытуацый.
Кіраўнік дзяржавы таксама павінен прызначыць камэнданта, які будзе кіраваць сытуацыяй на тэрыторыі, дзе ўведзенае надзвычайнае становішча. Усе захады, зьвязаныя з ажыцьцяўленьнем НС, павінны быць ухваленыя камэндантам і апэратыўным штабам НС.
Як забясьпечваюцца правы грамадзян падчас НС
Вышэй ужо адзначалася, што правы грамадзян падчас надзвычайнага становішча могуць цалкам альбо часткова абмяжоўвацца. Аднак пасьля завяршэньня рэжыму НС такія грамадзяне маюць права на кампэнсацыю ў выглядзе фінансавай дапамогі альбо ў іншай форме. Напрыклад, тым грамадзянам, якіх у нейкай форме прымушалі выконваць неабходныя работы, пасьля завяршэньня рэжыму НС абавязаныя заплаціць. Таксама дзяржава павінна кампэнсаваць нанесеную грамадзянам матэрыяльную шкоду, уладкаваць іх на працу (калі тая была страчаная падчас НС) альбо аказаць іншую неабходную дапамогу. Усе выпадкі падрабязна прапісаныя ў заканадаўстве.
Рэжым надзвычайнага становішча не дае сілавікам новых магчымасьцяў у прымяненьні фізычнай сілы і агнястрэльнай зброі. Яны абавязаныя дзейнічаць гэтаксама, як і ў звычайных умовах.
«Фактычна надзвычайнае становішча ўжо ўведзенае»
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту юрыст Алег Гулак у размове са Свабодай адзначыў, што прадказаць увядзеньне рэжыму надзвычайнага становішча ў Беларусі адпаведным указам Лукашэнкі складана. Аднак можна сьцьвярджаць, што такі рэжым фактычна ўжо дзейнічае.
«Папраўдзе, надзвычайнае становішча ўжо дэ-факта ўведзена, — кажа Алег Гулак. — Таму што тая ступень адмовы ад законных працэдур, якую мы назіраем, ужо даўно цягне на ўзровень надзвычайнага становішча. Адно, што не былі выкананыя неабходныя для яго ўвядзеньня працэдуры. У гэтым кантэксьце я не зусім разумею, навошта яшчэ нешта ўладам уводзіць. Хаця ў сёньняшняй сытуацыі прадказваць лёгіку ўладаў сэнсу вялікага няма, яна вельмі спэцыфічная. Трэба ўлезьці ў іхную шкуру, каб гэта ўсё зразумець. Я не зьдзіўлюся, калі рэжым НС увядуць. Але яшчэ больш я не зьдзіўлюся, калі яго так і не ўвядуць. Цяперашнія дзеяньні ўлады без абвяшчэньня рэжыму НС — гэта парушэньне заканадаўства».
Адной з праяваў фактычнага рэжыму надзвычайнага становішча ў Беларусі Алег Гулак бачыць прызначэньне памочнікаў Лукашэнкі ў Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцях, а таксама ў Менску.
«Гэты інстытут улады нідзе не прапісаны, — кажа Гулак. — Лукашэнка кажа, што мы іх прызначым, а якія паўнамоцтвы яны будуць мець, мы яшчэ падумаем. Гэта нават не камэнданты, якіх прадугледжвае закон аб надзвычайным становішчы, а камісары. Яны могуць кантраляваць усё, самыя шырокія паўнамоцтвы імем прэзыдэнта. Гэта, лічы, тое самае, што імем рэвалюцыйнай мэтазгоднасьці. Камэндант — гэта пасада з прапісанымі паўнамоцтвамі, ён нясе адказнасьць за іх выкананьне. А памочнік Лукашэнкі — гэта зусім іншае. І ўсё гэта выглядае вельмі дзіўна паралельна з размовамі аб новай Канстытуцыі. Якая можа быць Канстытуцыя, калі ўлады нават сваім прызначэнцам у рэгіёнах не давяраюць».