Філёзаф, дацэнт Павал Баркоўскі, які нядаўна звольніўся з БДУ з палітычных прычын, аналізуе пратэставую актыўнасьць беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў, тлумачыць, хто тыя людзі, якіх улада апошнія тыдні прызначае кіраваць унівэрсытэтамі, і перасьцерагае Беларусь ад абхаскага варыянту.
Сьцісла:
- Студэнты выказваюць нашмат большы ўзровень кансалідаванасьці і салідарнасьці, чым іншыя групы грамадзтва
- У сыстэму адукацыі цяпер прыходзяць чыноўнікі, гэта тая ж вэртыкаль улады
- Калі сёньня звальняць выкладчыкаў і студэнтаў за іхныя палітычныя погляды — то гэта можа прывесьці да спустошаньня катэдраў і аўдыторыяў
- У Беларусі можа ўтварыцца варыянт Абхазіі — з пасіўным насельніцтвам, з маладымі і здольнымі, якія зьехалі за мяжу
— Студэнты і выкладчыкі ўнівэрсытэтаў — гэта група, якая, бадай, найбольш актыўна адгукнулася на заклік аб агульнанацыянальным страйку. Яны праводзяць акцыі пратэсту ў самых розных фарматах. На вашую думку, на думку былога выкладчыка, які з палітычных прычынаў звольніўся з БДУ, ці адпавядае гэтая актыўнасьць вашым чаканьням і вашай ацэнцы стану грамадзкай актыўнасьці ва ўнівэрсытэтах?
— Сам гэты рух, які цяпер мы назіраем, зьяўляецца адлюстраваньнем тых настрояў, якія ўвогуле пануюць у грамадзтве. Проста так атрымалася, што студэнты — адна з найбольш актыўных і мабільных групаў насельніцтва, якая ня так шмат мае чаго губляць і таму больш гатовая да актыўных дзеяньняў. Хоць мы бачым цудоўныя прыклады, калі выкладчыкі некаторых ВНУ падпісваюць дэклярацыі пра забастоўку і абвяшчаюць гэта асноўным пунктам свайго парадку дня.
Гэтая частка нашага насельніцтва разумее, што без кардынальных зьменаў, якія мусяць адбыцца ў нашай палітычнай і прававой сыстэме, далейшае навучаньне і выкладаньне ня мае ніякага сэнсу.
— Можна заўважыць, што найбольш актыўна пратэстуюць выкладчыкі лінгвістычнага і тэхнічнага ўнівэрсытэтаў. То бок тыя, хто разумее, што нават у выпадку звальненьня ім будзе прасьцей знайсьці сябе месца ў жыцьці, калі давядзецца кінуць любімую працу ва ўнівэрсытэце. А выкладчыкі, якія прывязаныя да дзяржаўнай эканомікі, радзей выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю. Ці бачыце вы тут пэўную залежнасьць?
— Пэўная заканамернасьць тут ёсьць. Яна бачная асабліва па выкладчыках сацыяльна-гуманітарных дысцыплінаў. Людзі, якія адчуваюць сябе больш незалежнымі, ведаюць, што яны могуць быць запатрабаванымі і ў іншых галінах (не абавязкова ў выкладаньні) — яны паводзяць сябе больш разьняволена, дазваляюць сабе грамадзянскія ўчынкі без аглядкі на тое, што да іх будуць прынятыя нейкія санкцыі.
Але, натуральна, я магу пералічыць і сваіх калегаў, якія сьмела выказваюць сваю пазыцыю і далучаюцца да забастовачных акцыяў, нягледзячы на тое, што яны ня вельмі ўяўляюць, куды могуць пайсьці потым са сваёй спэцыяльнасьцю. Тут хутчэй усё залежыць ад саміх людзей, ад іхнага стаўленьня да свабодаў, іх псыхалягічнага стану. У гэтым сэнсе выкладчыкі дзяржаўных ВНУ, вядома, адчуваюць на сябе моцны ціск і таму не заўсёды ўключаюцца ў гэтую пратэставую дзейнасьць.
— Гадамі выкладаючы ў БДУ, вы назіралі за паводзінамі і сьветапоглядам студэнтаў. Ці можна сказаць, што сёньняшнія студэнты — больш разьвітая і больш актыўная частка грамадзтва? Ці адпавядаюць яны нейкаму агульнаму ўзроўню палітычнага разьвіцьця грамадзтва?
— Натуральна, мы ня можам казаць, што ўсё студэнцтва як адзін падтрымлівае пратэставую актыўнасьць. Ёсьць больш актыўная частка, яна, мабыць, вышэйшая, чым у астатнім беларускім грамадзтве. Але гэта ўсё яшчэ не фармальная большасьць. Але актывісты ладзяць вельмі пасьпяховыя акцыі, 26 верасьня ім удалося перавесьці ў стан страйку дзейнасьць шэрагу факультэтаў.
Гэта даказвае, што яны могуць дасягаць тых мэтаў, якія перад сабой ставяць. Нават тыя студэнты, якія вагаліся, ня ведалі, ці далучацца, збольшага прымалі рашэньне далучацца. У гэтым сэнсе студэнты выказваюць нашмат большы ўзровень кансалідаванасьці і салідарнасьці, чым іншыя групы грамадзтва.
Аднак нельга выключаць, што пэўныя паказальныя рэпрэсіі, адлічэньні, якімі цяпер пагражаюць улады, могуць прыцішыць нейкую частку студэнцкай пратэставай актыўнасьці. І тыя, хто сёньня падтрымлівае страйк, заўтра могуць вярнуцца ў аўдыторыі і прыпыніць сваю палітычную актыўнасьць.
— У гэтай сфэры вельмі вялікую ролю грае міжнародная салідарнасьць, унівэрсытэты суседніх краінаў ужо прапануюць студэнтам, якія будуць адлічаныя, навучаньне за межамі Беларусі. Як гэты чыньнік можа паўплываць на пратэставую актыўнасьць беларускіх студэнтаў?
— Такая падтрымка вельмі важная. Людзі ведаюць, што калі зь імі здарыцца нешта нядобрае, адлічэньне — яны могуць працягнуць адукацыю за мяжой. Зь іншага боку, трэба разумець, што людзі, якія паступаюць у ВНУ Беларусі, накіраваныя на тое, каб вучыцца і заставацца тут. Навучаньне за мяжой для многіх робіцца своеасаблівым мастком для міграцыі альбо пераезду ў іншую краіну на працу. Таму многія псыхалягічна ня бачаць сябе ў якасьці навучэнцаў замежных ВНУ, для іх гэта фактычна шлях па-за межы краіны. Хоць сама такая магчымасьць вучыцца за мяжой, сапраўды, многіх вельмі падтрымлівае.
— Пасьля 9 жніўня Аляксандар Лукашэнка ўжо зьмяніў некалькі рэктараў ды іншых кіраўнікоў беларускіх ВНУ — на больш ляяльных. І некаторыя зь іх ужо даволі актыўна праявілі сябе ў якасьці прыхільнікаў улады і праціўнікаў пратэсту. Адкуль яны бяруцца? Гэта людзі, якія вырашылі ў такой сытуацыі рабіць кар’еру (то бок яны вераць у трываласьць рэжыму), ці якія проста ня здолелі адмовіцца ад такой прапановы?
— Большая частка зь іх — гэта чыноўнікі рознага ўзроўню. Мы маем справу з той самай вэртыкальлю, з часткай адміністрацыі, якая зьяўляецца зьнешнім органам кіраваньня для ўнівэрсытэтаў. Таму яны праяўляюць ляяльнасьць выключна перад уладай, усе свае дзеяньні яны ўзгадняюць з інтарэсамі ўлады, а не з інтарэсамі саміх унівэрсытэтаў. Большасьць зь іх разумее, што калі сёньня звальняць выкладчыкаў і студэнтаў за палітычныя погляды — то гэта можа прывесьці проста да спустошаньня катэдраў і аўдыторыяў. Але нават пагроза гэтага іх палохае менш, чым магчымасьць атрымаць нездавальненьне з Адміністрацыі.
І гэта людзі, якія сапраўды больш дбаюць пра сваю кар’еру цяпер, чым пра тую будучыню, якая ў іх будзе праз год-два, калі сытуацыя можа радыкальна зьмяніцца. Мне гэта нагадвае красавік-травень 1945 году, калі ўсе разумеюць, што нацысцкі рэжым дажывае апошнія часы, але ўсе працуюць на сваіх месцах і працягваюць выконваць свае абавязкі.
Уся гэтая палітыка можа прывесьці да таго, што сапраўды вялікая частка нашага актыўнага, творчага, здольнага насельніцтва можа зьехаць за мяжу. І ў Беларусі можа ўтварыцца варыянт Абхазіі — з досыць пасіўным насельніцтвам, безь вялікіх пэрспэктываў, з маладым і здольным насельніцтвам, якое зьехала за мяжу.
— Падзеі гэтых месяцаў могуць мець нейкі станоўчы эфэкт на сыстэму адукацыі? У тым сэнсе, што яны паказалі гнілыя і нерухомыя месцы ў сыстэме адукацыі, і гэта можа стаць пэўным штуршком. Ці, пакуль працягвае існаваць цяперашняя ўлада, у сыстэме адукацыі ня можа адбыцца нічога добрага і прагрэсіўнага?
— Натуральна, што ва ўмовах існаваньня цяперашняга рэжыму ў яго ня будзе ніякай неабходнасьці нешта мяняць, акрамя як закручваць гайкі. І гэта ня будзе працаваць на карысьць самой гэтай сыстэме.
Як пазытыўны эфэкт я б адзначыў тое, што людзі, якія знаходзяцца ўсярэдзіне беларускай сыстэмы адукацыі, і студэнты, і выкладчыкі, пачынаюць бачыць неабходнасьць нейкіх рэчаў, якія проста жыцьцёва патрэбныя. Напрыклад, уласнае самакіраваньне, магчымасьць выбіраць кіраўнікоў, ад дэканаў да рэктараў. Каб існавала сапраўды незалежнае і моцнае студэнцкае самакіраваньне. Усё гэта можа вывесьці беларускую сыстэму вышэйшай адукацыі, якая сёньня на вельмі нізкім узроўні, на той узровень, калі мы зможам ганарыцца нашай адукацыйнай сыстэмай.
Відавочна, што адным зь першых крокаў, якія будуць рабіцца ў новай Беларусі, будзе рэформа адукацыйнай сфэры, зьмены ў Кодэксе аб адукацыі, каб гэтыя ўстановы маглі кіравацца самастойна, разьвіваць сваю адукацыйную і навуковую сфэру адпаведна міжнародным стандартам і быць гонарам і надзеяй Беларусі.