Пра далучэньне выкладчыкаў і супрацоўнікаў Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту да страйку студэнтаў стала вядома 27 кастрычніка. Паводле інфармацыі Свабоды, пераважная большасьць супрацоўнікаў МДЛУ пакуль займае нэўтральную пазыцыю.
Падрабязнасьці пра дасланы ў рэктарат зварот выкладчыкаў і супрацоўнікаў МДЛУ Свабодзе расказала дацэнтка катэдры італьянскай мовы Натальля Дуліна.
«У страйку ўдзельнічаюць некалькі дзясяткаў выкладчыкаў і супрацоўнікаў унівэрсытэту, — гаворыць яна. — Паводле непацьверджаных чутак, зараз адміністрацыя зьбіраецца мяне звольніць. У некаторых выкладчыкаў ужо ёсьць папярэджаньні, якія яны атрымалі яшчэ да пачатку страйку за пратэставыя дзеяньні і парушэньне правілаў унутранага распарадку і загаду рэктара аб недапушчэньні няўзгодненых мерапрыемстваў у сьценах унівэрсытэту. У мяне ёсьць вымова, папярэджаньні ў некаторых выкладчыкаў таксама».
Па словах Натальлі Дулінай, адміністрацыя «стараецца зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца і заняткі праводзяцца ў штатным рэжыме», у афіцыйным тэлеграм-канале МДЛУ адміністрацыя разьмяшчае інфармацыю пра тое, што страйкоўцы парушаюць парадак забастоўкай. Аднак выкладчыкі-страйкоўцы «адмяняюць свае заняткі, наколькі гэта магчыма».
«Мы паведамляем студэнтам, што заняткаў ня будзе і просім, каб яны адказвалі, калі будуць пытацца ў дэканаце, што выкладчык бастуе, — кажа выкладчыца. — У некаторых нашых выкладчыкаў спэцыфічная праца. Яны працуюць з іншаземцамі. У сілу нават маральных пытаньняў ім нельга адмяніць заняткі. Ёсьць людзі, якія працуюць з дарослымі слухачамі курсаў. Гэта вячэрнія заняткі. І выкладчыкі таксама маюць супярэчлівыя пачуцьці. Я іх разумею. Усе яны з намі ходзяць на акцыі, усе выйшлі 26 кастрычніка на марш».