Пра гэта ён заявіў на нарадзе па падрыхтоўцы Ўсебеларускага народнага сходу, паведамляе тэлеграм-канал БТ.
«У сувязі з гэтымі заклікамі з Польшчы і Літвы аб ультыматумах і страйках (я ўчора прэм’ер-міністру даручаў і ўсім практычна прысутным тут): нікога ня трэба ўгаворваць — ні рабочых, ні студэнтаў, нікога — ні лекараў, ні настаўнікаў, ні дзяржслужбоўцаў. Цяпер такі момант, калі кожны павінен выбіраць у сваім жыцьці тую дарогу, якой ён будзе рухацца. Ня толькі ён, але і дзеці.
Ня хочуць рабочыя працаваць — ня трэба. Але іх адзінкі, якія ня хочуць. Студэнты. Прыйшлі вучыцца — вучыцеся. Хто хоча, той хай вучыцца. Хто выйшаў у парушэньне закону на несанкцыянаваныя акцыі — ён пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я казаў, каго ў армію, а каго на вуліцу. Хай ходзяць па вуліцы, але яны павінны быць адлічаныя з ВНУ.
Тое ж самае выкладчыкі, іх адзінкі, але якія гадка сябе паводзяць у ВНУ. Паўтараю, нікога не прасіце і не пераконвайце. Мы ў лепшым выпадку загонім іх пад плінтус, з-пад якога яны зноў пасьля вылезуць», — сказаў Лукашэнка.