Свабода пагутарыла з курсантам 2 курса акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў Вячаславам Н., які прысутнічаў у шэрагах сілаў, задзейнічаных пасьля дэманстрантаў.
Ён пакуль прасіў не называць ягонае прозьвішча, але заявіў, што вырашыў звольніцца з вучэльні бліжэйшым часам.
Паводле ягоных словаў, пратэстоўцаў у Менску зьбівалі курсанты старэйшых курсаў. Вячаслаў кажа, што ніколі ў жыцьці «ня бачыў такога жаху», які давялося перажыць у ноч пасьля выбараў 9 жніўня.
Што расказвалі курсантам камандзіры?
Вячаслаў распавёў, што ўвечары 9 жніўня яго і яшчэ 40 навучэнцаў міліцэйскай установы накіравалі на ахову будынка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Менску. Камандзіры сказалі, што пасьля падліку галасоў ня выключаны штурм дзяржаўных установаў «грамадзянамі са злачыннымі намерамі».
Калі штурму ня здарылася, усім складам іх перакінулі ў РУУС таго ж Кастрычніцкага раёну — туды якраз пачалі дастаўляць затрыманых падчас акцыі пратэсту на праспэкце Пераможцаў.
«Людзі стаялі каля сьцяны, рукі за галаву, — расказаў ён Свабодзе. — Мы, хто з малодшых курсаў, сачылі, каб ніхто не задумаў зьбегчы ці нешта выкінуць. І тут пачалося... Затрыманых білі нашыя ж хлопцы — 3-4 курс. Рукамі, нагамі, вельмі жорстка. Здаецца, некаторыя страчвалі прытомнасьць, прынамсі не падавалі прыкметаў жыцьця. Тады іх хапалі за вопратку і цягнулі ў будынак. Гэта быў шок. А сёньня сказалі зноў быць напагатове. Суткі ня кормяць – мабыць, каб былі злыя, як сабакі...»
Малады чалавек кажа, што далей ня бачыць сябе ў міліцэйскай форме і зьбіраецца з акадэміі сыходзіць.
«Што заўгодна, толькі не такая праваахоўная сыстэма», — падсумоўвае ён.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.