Засталіся на вуліцы толькі вулічныя бандыты, найбольш радыкальная частка, падсілкаваная грашыма, а недзе наркотыкамі і алькаголем, заявіў кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў у «Галоўным этэры» тэлеканалу «Беларусь 1».
Вось, у кароткім пераказе, што расказаў Карпянкоў:
- Засталася найбольш радыкальная, скансалідаваная частка
- На шэсьці ходзяць добра сфармаваныя каманды баевікоў, падсілкаваныя грашыма, наркотыкамі і алькаголем
- На ўзбраеньні ўдзельнікаў шэсьцяў: нажы, заточкі, падрыхтаваныя мэталічныя пруты і дубінкі, мэталічныя трубы, каб біць па галаве
- Удзельнікі пратэстаў рыхтуюць для нападаў плітку, камяні, бутэлькі і загадзя падрыхтаваныя цагліны, каб кідаць на галовы
- Удзельнікі пратэстаў пагражаюць рэзаць і спальваць сем’і сілавікоў
- Яны злараднічаюць і паказваюць каляпс
- Калі нехта падыме руку з заточкай на міліцыю, супраць яго будзе ўжытая агнястрэльная зброя
- Сярод іх ёсьць «асабліва небясьпечныя востракапытныя», якіх будуць прыбіраць з вуліц
- «Мы праяўляем гуманізм. Гэта вы фашысты, а ня мы фашысты. Таму калі дзесьці адбываецца затрыманьне і яно здаецца з боку вельмі жорсткім, папраўдзе гэта ня так. Супрацоўнікі вымушаныя ўжываць сілу. Але яшчэ па-сапраўднаму сілу мы ні да кога не ўжывалі»
Журналісты тэлеканалу заявілі, што ўжо затрыманыя «каля шасьці сотняў каардынатараў, арганізатараў і актыўных удзельнікаў несанкцыянаваных мітынгаў», распачата каля 30 крымінальных справаў.
Карпянкоў расказаў пра затрыманых:
- Бел-чырвона-белы трэнэр і восем ягоных байцоў
- Байцы, якія прывезьлі ў Беларусь моцныя атрутныя рэчывы, каб труціць АМАП і ўнутраныя войскі
- Брыгада высотнікаў, якія плянавалі распыліць моцнадзейныя рэчывы, якія і выбухаюць, і труцяць
- Бандыты зь пісталетамі, каб захапляць транспартныя сродкі і тараніць АМАП
- Вулічныя бандыты, якія з дапамогай сацыяльных ліфтаў хацелі стаць палявымі камандзірамі або дэпутатамі