Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве пасьля 26 дзён арышту вызвалілі мэдыка, параненага падчас затрыманьня


38-гадовага рэнтген-лябаранта мясцовай стаматалягічнай паліклінікі Андрэя Вярбіцкага забралі ў ізалятар зь лякарні. Пакуль ён сядзеў, магілёўцы ладзілі акцыі ў яго падтрымку. Іх удзельнікаў таксама затрымлівалі. Адзін зь іх сядзеў у адной камэры зь Вярбіцкім.

Гісторыя зьняволеньня Вярбіцкага

Андрэя Вярбіцкага затрымалі 27 верасьня, калі разганялі акцыю пратэсту «Народная інаўгурацыя». Тады ў Магілёве сілавікі ўжылі спэцсродкі. Вярбіцкаму разьбілі твар і расьсеклі лоб. Зь Ленінскага аддзелу міліцыі яго забрала хуткая дапамога. У лякарні мэдыкі паведамілі ў Сьледчы камітэт пра «крымінальны характар траўмы».

Пасьля выпіскі, 29 верасьня, ён паехаў фіксаваць пабоі, і ў экспэртаў яго затрымалі паўторна. Да суду тры дні трымалі ў ізалятары.

За актыўны ўдзел у пратэстах Вярбіцкага судзілі тройчы. Першыя два суды скончыліся адміністрацыйным арыштам. Судзьдзі Натальля Панасенка і Алена Літвіна адправілі яго ў ізалятар на 14 і 12 дзён адпаведна. 26 кастрычніка, у апошні дзень няволі, судзьдзя Аксана Ратнікава аштрафавала Вярбіцкага на 540 рублёў.

Вызваленьня не чакаў

На волю ён выйшаў праз тры гадзіны пасьля таго, як быў агучаны прысуд. Каля ізалятара мэдыка сустрэлі калегі, неабыякавыя да ягонага лёсу людзі, а таксама журналісты. Ён прызнаўся, што не чакаў вызваленьня. Меркаваў, што ў няволі прабудзе яшчэ дзён дзесяць.

Вярбіцкі зьвязвае жорсткае пакараньне з тым, што інфармацыя, як яго затрымлівалі, разышлася шырока. Акрамя таго, лічыць мэдык, супрацоўнік міліцыі, які працаваў зь ім у аддзеле, меў да яго перадузятае стаўленьне пасьля адмовы даваць тлумачэньні.

Андрэй Вярбіцкі на волі
Андрэй Вярбіцкі на волі

Раны загаіліся, але шнар застаўся

Андрэй Вярбіцкі кажа, што праблемаў са здароўем у яго няма. Пашкоджаньні, нанесеныя падчас затрыманьня, загаіліся, але шнар ад раны на ілбе застаўся.

Па ягоных словах 27 кастрычніка мае скончыцца праверка па факце траўмаваньня. Пакуль ён быў у ізалятары, сьледчы яго не турбаваў. У шпіталі прасіў, каб пасьля вызваленьня Вярбіцкі зь ім зьвязаўся.

У няволі адзначыў дзень народзінаў дачкі

У ізалятары Андрэя Вярбіцкага ўразіла людзкае стаўленьне супрацоўнікаў да асуджаных за акцыі пратэсту, а таксама «адладжаны парадак». Што да абыходжаньня ў аддзеле міліцыі, то, на ягоную думку, самім супрацоўнікам непрыемна стасавацца адзін з адным.

У няволі Вярбіцкі адзначыў дзень народзінаў дачкі.

Адна з акцыяў у падтрымку Вярбіцкага
Адна з акцыяў у падтрымку Вярбіцкага

«Для мяне праблема доўга ня бачыць сям’ю і дзяцей, — прызнаецца ён. — На дзясятыя суткі ня ведаў, куды падзецца бяз жонкі і дзяцей».

Лякальныя акцыі ў падтрымку Андрэя Вярбіцкага магілёўцы ладзілі, калі па краіне праходзіў «Партызанскі марш». У розных месцах гораду калегі і неабыякавыя да лёсу мэдыка людзі арганізоўвалі флэшмобы. Адзін зь іх скончыўся затрыманьнем 9 удзельнікаў. Вярбіцкі кажа, што зь ім у камэры сядзеў хлопец, які фатаграфаваў «партызанскую вылазку» ў яго падтрымку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG