Праваабарончыя арганізацыі з многіх краінаў выступілі з супольнай заявай, у якой асудзілі рашэньне беларускага суду аб уключэньні тэлеграм-каналу NEXTA Live у сьпіс «экстрэмісцкіх».
У заяве, у прыватнасьці, сказана, што сваім рашэньнем улады Беларусі караюць беларусаў за іх імкненьне да атрыманьня інфармацыі зь незалежных крыніц. Аўтары лічаць такую пазыцыю праявай барацьбы з іншадумствам, якая ўсё больш узмацняецца, сказана ў заяве.
«Беларускія ўлады павінны спыніць барацьбу зь незалежнымі СМІ і спыніць гвалт супраць беларусаў, якія ажыцьцяўляюць сваё права на свабоднае выказваньне думкі», гаворыцца ў заяве, падпісанай праваабаронцамі.
Сярод трох дзясяткаў арганізацый, якія падпісалі заяву, — «Артыкул 19» (Вялікая Брытанія), Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, Міжнародная група «Агора», Баўгарскі Хэльсынскі камітэт, ARU TV, European Centre for Press and Media Freedom, праваабарончая арганізацыя Human Constanta, праваабарончы цэнтар «Мэмарыял», праваабарончы цэнтар Азэрбайджану, праваабарончы цэнтар «Вясна» ды іншыя.