Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патлумачылі, што ня так з унясеньнем NEXTA ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў


Human Constanta лічыць працэдуру прызнаньня матэрыялаў тэлеграм-каналу NEXTA экстрэмісцкімі неадпаведнай нормам міжнароднага права.

Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў Telegram-канал NEXTA-Live і лягатып NEXTA экстрэмісцкімі матэрыяламі.

У МУС патлумачылі, што з гэтага часу апублікаваньне інфармацыі зь лягатыпам NEXTA або з NEXTA-Live, у тым ліку яе перапост, цягне за сабой адміністрацыйную адказнасьць за распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ці прапагандуе такую дзейнасьць (ч. 2 арт. 17.11 КаАП Рэспублікі Беларусь).

Праваабаронцы з арганізацыі Human Constanta прааналізавалі гэтае рашэньне ўладаў:

«Сапраўды, любая інфармацыйная прадукцыя можа быць прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі і ўнесеная ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пасьля ўнясеньня ў сьпіс распаўсюджваньне і захоўваньне такіх матэрыялаў лічыцца правапарушэньнем.

Працэдура ўнясеньня такіх матэрыялаў у рэспубліканскі сьпіс адбываецца паводле рашэньня суду. У дадзеным выпадку ГУБАЗіК даслаў матэрыялы з тэлеграм-каналу NEXTA ў экспэртную камісію для вынясеньня рашэньня па наяўнасьці або адсутнасьці ў іх заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасьці, і паколькі суд вынес такое рашэньне, заключэньне было сьцьвярджальным. Аднак тут ёсьць некалькі нюансаў», — мяркуюць праваабаронцы.

Немагчыма абскардзіць

«Звычайна рашэньне суду аб прызнаньні матэрыялаў экстрэмісцкімі не набывае сілу адразу — ёсьць 15 дзён на абскарджаньне рашэньня суду. На практыцы ўсе такія пасяджэньні суду праходзяць у закрытым рэжыме. Загадзя пра іх ня кажуць, людзей, якія маюць дачыненьне да інфармацыйнай прадукцыі, не апавяшчаюць і не запрашаюць у якасьці трэціх асобаў у суд, яны ня могуць выказаць сваю пазыцыю і прадставіць свае довады.

Атрымліваецца, што з прычыны адсутнасьці трэцяга боку (напрыклад, тэлеграм-каналу NEXTA) гэтае рашэньне немагчыма абскардзіць. Таксама сёньня пры вынясеньні рашэньня суд выкарыстаў сваё права, прадугледжанае арт.314 ГПК, і пастанавіў, што рашэньне суду набывае сілу неадкладна, а ня празь 15 дзён».

Што значыць гэтае рашэньне?

«Калі нехта будзе рабіць рэпост, вешаць спасылкі, выкарыстоўваць відэа і фота з лога NEXTA, гэта пацягне за сабой склад адміністрацыйнага правапарушэньня па арт. 17.11 КаАП. Штраф для грамадзян складае ад 10 да 50 базавых велічынь (ад 270 да 1350 рублёў), для індывідуальных прадпрымальнікаў — ад 50 да 100 базавых велічынь, для юрыдычных асоб — ад 100 да 500 базавых велічынь.

На практыцы тэлеграм-каналы, раней унесеныя ў сьпіс, беларускім уладам цалкам блякаваць не ўдавалася, але доступ да іх можа быць абмежаваны. Уся працэдура супярэчыць усім міжнародным стандартам па свабодзе выказваньня, стандартам эфэктыўнай прававой абароны і справядлівага суду», — мяркуюць у Human Constanta.

Ці зьяўляецца падпіска на гэты канал правапарушэньнем?

«Падпіска на канал, які занесены ў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, ня можа быць расцэненая як захоўваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але захоўваньне фота, відэазапісаў зь лягатыпам NEXTA — будзе лічыцца захоўваньнем экстрэмісцкіх матэрыялаў», — лічаць праваабаронцы Human Constanta.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG