Улады Беларусі зьбіраюць людзей па ўсёй краіне, каб правесьці 25 кастрычніка праўладны мітынг. Экс-кандыдат у прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская раней заявіла, што ў гэты дзень удзельнікі акцый пратэсту абвесьцяць Аляксандру Лукашэнку «народны ўльтыматум». Яго ўмовы — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, канец гвалту на вуліцах і вызваленьне ўсіх палітвязняў.
Пра тое, чым рызыкуе Сьвятлана Ціханоўская, Ігар Сяўругін з тэлеканалу «Настоящее время» пагаварыў з палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам.
— У які момант, як вам здаецца, рыторыка Ціханоўскай зьмянілася, яна стала больш жорсткай як палітык?
— Спачатку зь пераездам у Літву, таму што ўсё ж пакуль яна была ў краіне, знаходжаньне тут яе стрымлівала, зразумела. Але затым з гэтым ультыматумам — гэта было важным такім пунктам, калі каманда Ціханоўскай зразумела, што трэба абвастраць, таму што дынаміку трэба мяняць, дынаміку трэба ламаць. Таму што многія пратэстоўцы патрабуюць, просяць нейкага новага ўздыху, новай ініцыятывы, каб нечая рука накіроўвала. Таму што фармат становіцца проста аднолькавым, і былі асьцярогі, што ён проста будзе выдыхацца.
— Шмат хто казаў пра тое, што Ціханоўская зьмянілася, яе рыторыка зьмянілася, у тым ліку пасьля званка мужу. Вы прасачылі такі момант або не?
— Я ня думаю. Ну так, ён сказаў быць больш жорсткім, можа быць, гэта надало ёй сілы. Але, шчыра кажучы, тут усё цалкам сабе тлумачыцца і бяз гэтага. Гэта такі лішні фактар, які проста напэўна ўмацаваў яе перакананасьць, што трэба дзейнічаць. Але, у прынцыпе, гэта было відаць і па заявах яе каманды, калі вы паглядзіце тое, што яны казалі да гэтага, было зразумела, што праца на спробу расколу элітаў ідзе, спроба выбудоўваць камунікацыю са страйкамамі, усялякімі страйкавымі камітэтамі ідзе. То бок, гэта ня нейкі спантанны крок, які проста нарадзіўся, таму што яна пачула ад мужа дабраславеньне.
— Ціханоўская ставіць ультыматумы ўладзе. Як вам здаецца, улада прыслухоўваецца?
— Улада іх чуе, зразумела, і рэагуе. Як мы чулі, паводле Лукашэнкі, улада праводзіць цяпер у процівагу свой мэгамітынг, як яго ўжо празвалі, у нядзелю, зьбіраюць з усёй краінай бюджэтнікаў і дзяржаўных службоўцаў. Але, зразумела, выконваць патрабаваньні Ціханоўскай улада ня будзе. І далей стаіць пытаньне аб тым, ці хопіць у каманды Ціханоўскай палітычнай вагі, каб нанесьці нейкую шкоду ў адказ на невыкананьне сваіх патрабаваньняў. Гэта інтрыга, большасьць палітолягаў, напэўна, скептычныя на гэты конт. Але гэта, так ці інакш, новая дынаміка ў сытуацыі. Улада, зразумела, вельмі чуйна прыслухоўваецца да ўсяго, што адбываецца, таму што гэта самы буйны палітычны крызіс у гісторыі краіны.
— А людзі, якіх яна заклікае да нейкіх дзеяньняў, прыслухаюцца? Той татальны локдаўн, пра які так часта кажуць, магчымы?
— Я сёньня ня бачу для яго перадумоваў. Ня ведаю, што адбудзецца ў бліжэйшыя дні, што адбудзецца 25-га. Таму што калі будзе нейкі брутальны разгон, які паўторыць або перасягне тое, што было ў сярэдзіне жніўня, то можа быць і паўтор страйку. Але на сёньня дынаміка масавасьці пратэстаў хоць і павольна, але спадае.
Заява Ціханоўскай напэўна верне пратэстам нейкую папярэднюю колькасную вагу, будзе ўсплёск. Але ўявіць, што яны вернуцца на той пікавы эмацыйны ўздым, які быў у сярэдзіне жніўня, адразу пасьля таго, як уся краіна ўбачыла фатаграфіі і відэа катаваньняў, гвалту і гэтак далей, уявіць, што толькі адна заява верне нас туды, мне складана. Таму што да гэтага часу гэта была фэнамэнальная такая беларуская асаблівасьць, што ня лідэры кіравалі пратэстамі, ня лідэры ім давалі нейкую вагу, а наадварот, пратэсты сваёй вагой вызначалі значнасьць лідэра.
— Казалі ж з самага пачатку жніўня, што ў гэтых пратэстаў няма ніякага лідэра. І вось цяпер, калі Ціханоўская пачынае выстаўляць гэтыя ўльтыматумы, яна заяўляе аб нейкім лідэрстве ўсё ж. Ці ня позна Ціханоўская робіць гэта?
— Мы ўбачым, позна ці ня позна. Я таксама лічу, што калі б такія крокі рабіліся два месяцы таму, яны б гучалі больш важка. Проста хоць бы з прычыны лічбаў. Сёньня на вуліцах Менску ў нядзелі мітынгуюць дзясяткі тысяч чалавек, тады гэта была не адна сотня тысяч, мінімум дзьве. Гэта гучала б хоць бы колькасна больш важка. Але цяпер гэта робіцца не таму, што Ціханоўская, яе каманда думаюць, што Лукашэнка спалохаецца і ўцячэ. А таму што яны хочуць прыўнесьці новую дынаміку ў працэс. Гэта тактычны ход. Ніхто не разьлічвае, што 25-га або 26-га Лукашэнка сыдзе ў адстаўку.
— Калі, як заклікае Ціханоўская, уся Беларусь ня выйдзе ў нядзелю на вуліцы, калі ўсеагульнай забастоўкі не атрымаецца, што гэта будзе значыць для самой Ціханоўскай, для яе аўтарытэту ў вачах пратэстоўцаў?
— У залежнасьці ад таго, як яны гэта абыграюць. Калі ня здарыцца наагул нічога, калі пройдзе чарговая мірная акцыя, яе ня будуць чапаць, 26-га пара прадпрыемстваў [абвесьціць страйк], будуць нейкія інцыдэнты зь некалькімі работнікамі, якія пойдуць на страйк, то гэта, вядома, будзе правал. У такім выпадку давядзецца камандзе тлумачыць, чаму так адбылося. Пасьля гэтага, зразумела, да нейкіх пагрозаў і ўльтыматумаў Ціханоўскай будзе стаўленьне ўнутры краіны і па-за краінай больш скептычнае, чым цяпер. Але гэта не прадвызначана.
Цалкам верагодна, што сам гэты ўльтыматум настолькі нэрвуе ўладу, што падштурхне яе на нейкія памылкі. Я думаю, што на гэта часткова і ёсьць разьлік. Ну так, усе палітолягі абсалютна пра гэта кажуць, усе назіральнікі пра гэта кажуць, што ўльтыматум можна рабіць адзін раз. Калі ў цябе не атрымліваецца дамагчыся яго выкананьня зь першага разу, дакладней, забясьпечыць, то гэта б’е ў першую чаргу па тваёй рэпутацыі. Рызыкоўны ход, можна сказаць, палітычна авантурны ход, але гэта палітыка такая рэвалюцыйная, тут трэба часам ісьці на рызыку. Таму ў прынцыпе гэта вытлумачальна.
— Ультыматумы злуюць уладу?
— Вядома, безумоўна. Любыя спробы зламаць сцэнар улады яе заводзяць. Сцэнар улады быў і застаецца — прымусіць пратэст проста змарыцца, стаміцца: стаміцца ад безнадзейнасьці, таму што ўлада не саступае, і ад пастаянных нарастальных рэпрэсій. І гэты плян ня тое каб моцна працаваў. Ён калі працуе, то вельмі марудна, нашмат павольней, чым уладзе хацелася б.
Гэта само па сабе для ўлады некамфортна, а тут яшчэ зьяўляюцца нейкія новыя пабочныя чыньнікі. Гэта значыць, стомленыя сілавікі, якія два месяцы сядзяць на казарменным становішчы, зь міжнароднай легітымнасьцю праблемы, Расея пачынае намякаць, што ёй не падабаецца зацягваньне гэтай рэформы, вуснамі сваіх прапагандыстаў. І тут яшчэ і ўнутры нейкая незразумелая новая дынаміка. Гэта нэрвуе.
І, уласна, увесь беларускі палітычны крызіс — гэта чарада нэрвовых памылак улады. Усё, што адбывалася з пачатку гэтага году, — гэта проста бясконцая чарада самастрэлаў. Гэта ня тое, што апазыцыя прыходзіць і сваёй моцай і сілай зрынае нейкі чарговы аплот рэжыму. Не, рэжым сам страляе сабе ў нагу. Проста рэгулярна гэта робіць. І тое, што робіць апазыцыя цяпер, — яна, па сутнасьці, запрашае ўладу да чарговых такіх памылак. Гэта проста падножкі, якія каманда Ціханоўскай, пратэстны рух спрабуе ставіць уладзе.
Але сілы скінуць уладу на вуліцы, сілы заняць палацы прэзыдэнта ў апазыцыі няма. Гэта супрацьстаяньне няроўнае. Гэта супрацьстаяньне з самым, напэўна, кансалідаваным аўтарытарным рэжымам рэгіёну, а, можа быць, ўсёй Эўразіі. Але замест гэтага яму можна ставіць падножкі. Гэтым і займаецца каманда Ціханоўскай.
— Як вам здаецца, нядзеля стане ключавым, такім пераломным момантам?
— Яна можа стаць пераломным момантам. Але калі нічога не адбудзецца, гэта ня значыць, што пратэст 26-га скончыцца.