З усёй Беларусі ўлады зьбіраюць людзей, каб зладзіць у нядзелю вялікі праўладны мітынг. Свабода даведалася, як на яго зьбіраюць удзельнікаў.
Як вынікае з паведамленьняў у сацыяльных сетках, у Менску 25 кастрычніка вырашылі сабраць грандыёзны мітынг у падтрымку Лукашэнкі. Папярэдні задуманы такім чынам мітынг быў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 16 жніўня. На ім выступіў Лукашэнка.
Магілёў
«На выходныя ў пятніцу ці суботу толькі з Магілёва выяжджаюць цэлыя два цягнікі па 18 вагонаў у Менск на праўладны мітынг», — расказаў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці супрацоўнік чыгункі.
Два цягнкі па 18 вагонаў — гэта больш за тысячу чалавек.
Некаторых людзей прымушаюць ехаць пад пагрозай не працягнуць кантракт.
«Філіі ААТ „Булачна-кандытарская кампанія „Домочай““ Магілёўскай вобласьці, у тым ліку раённыя філіі (да прыкладу, Касьцюковічы, Клімавічы) пад зусім зьлёгку прыкрытай пагрозай звальненьня / непадаўжэньня кантракту прымушаюць ехаць 25 кастрычніка ў Менск на мітынг за Лукашэнку. Кіроўны склад мусіць быць абавязкова», — паведамляе чытач Свабоды.
Гомель
Паведамленьні пра масавы збор супрацоўнікаў дзяржаўных установаў на паездку ў Менск 25 кастрычніка прыходзяць амаль з усіх рэгіёнаў.
«У Гомлі ў школах зьбіраюць людзей для паездкі 25 кастрычніка ў Менск. Людзі адмаўляюцца, таму едуць у асноўным дырэктары і завучы», — піша чытач з Гомля.
На пэўных прадпрыемствах у гэтым горадзе за такую паездку абяцаюць на працы два адгулы.
У Менск запрашаюць паехаць і супрацоўнікаў «Гомсельмашу», за што абяцаюць два адгулы.
Полацак
З Полацку ў Менску людзей зьбіраюцца прывезьці ўжо а 7-й раніцы. Зь якой мэтай, адкрыта ня кажуць.
«Ад кожнай установы адукацыі ў Полацку паступіла распараджэньне адправіць па 6 чалавек (прынамсі з дашкольных установаў) 25 кастрычніка ў Менск. Будуць арганізаваныя аўтобусы з прыбыцьцём да 7:00 у Менск, вяртаньне ў Полацак прыкладна да 19.00. Наконт аплаты нічога не ўдакладняецца. Фармат мерапрыемства, маршрут і гэтак далей не ўдакладняюцца», — паведамляюць чытачы.
Горадня
Найбольш масава, як відаць з паведамленьняў, зьбіраюць пэдагогаў.
«Я працую ва ўстанове адукацыі ў Горадні. Сёньня з аддзелу адукацыі было распараджэньне сабраць 5 чалавек для паездкі ў Менск», — піша чытачка Свабоды.
Менск
Не адстае і сталіца. На праўладны мітынг, з словаў нашых чытачоў, зьбіраюць супрацоўнікаў заводу «Крышталь».
«Пад пагрозай звальненьня ўсім загадваюць ісьці на праўладны мітынг 25 кастрычніка», — паведамляюць супрацоўнікі гэтага прадпрыемства.
У 13-й гімназіі Менску, як пішуць чытачы, прымушаюць удзельнічаць у мітынгу пад подпіс. За адмову пагражаюць звальненьнем.
У Міністэрстве адукацыі пры гэтым паведамілі, што «ніякіх агульных мерапрыемстваў ад міністэрства на заплянавана».
На некалькіх іншых прадпрыемствах, адкуль прыходзіла інфармацыя, афіцыйна пра паездку нам не сказалі: «Штосьці такое чулі, але ніякай канкрэтыкі».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.