Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты расказалі, як ім перашкаджаюць абараняць кліентаў у адміністрацыйных працэсах


Зьлева направа: разбаўлены ліцэнзіі адвакат Аляксандар Пыльчанка, праваабаронца Алег Гулак, адвакаты Дзьмітры Лаеўскі і Сяргей Зікрацкі
Зьлева направа: разбаўлены ліцэнзіі адвакат Аляксандар Пыльчанка, праваабаронца Алег Гулак, адвакаты Дзьмітры Лаеўскі і Сяргей Зікрацкі

У Беларусі адбываецца вельмі шмат парушэньняў пры вядзеньні адміністрацыйных працэсаў, у тым ліку парушэньняў правоў адваката на паўнавартаснае аказаньне юрыдычнай дапамогі. Пра гэта адвакат Сяргей Зікрацкі заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, якую арганізавалі праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынкскі камітэт. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Зыходзячы з уласнай практыкі, Зікрацкі расказаў, што адвакат часьцяком не ведае, дзе знаходзіцца яго затрыманы кліент. Паводле яго, выпадкі, калі грамадзяне атрымліваюць магчымасьць зрабіць званок, каб паведаміць пра сваё месцазнаходжаньне, вельмі рэдкія.

Аднак нават калі адвакату напэўна вядома, у якім раённым упраўленьні або аддзяленьні ўнутраных справаў знаходзіцца яго затрыманы кліент, патрапіць да яго цяжка, паколькі супрацоўнікі міліцыі часта кажуць, што ў іх няма інфармацыі аб тым ці іншым грамадзяніне.

«Гэта проста таму, што тых, каго прывезьлі, не праводзяць і не афармляюць праз дзяжурную частку, а проста трымаюць у актавай залі, гаражы, проста ў кабінэтах. І толькі пасьля таго, як яны будуць аформленыя, іх, магчыма, аформяць празь дзяжурную частку або адразу ж завязуць у ІЧУ (ізалятар часовага ўтрыманьня)», — растлумачыў адвакат.

«Таму ў большасьці выпадкаў на пачатак адміністрацыйнага працэсу, калі складаюцца пратаколы, мы, адвакаты, ня трапляем», — дадаў ён.

Паводле Зікрацкага, калі кліента пасьля афармленьня пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэньні і затрыманьні пераводзяць у ІЧУ, «патрапіць да яго шанцаў становіцца яшчэ менш, чым трапіць у РУУС», паколькі ў ізалятар адвакатаў не прапускаюць нібыта з прычыны COVID-19. «Калі ёсьць дазвол ад сьледчага або з РУУС, то мы туды трапляем, але без дазволу трапіць нельга», — падкрэсьліў ён.

Такім чынам, магчымасьць сустрэцца з кліентам узьнікае толькі ў судзе. Аднак для гэтага, сказаў адвакат, яшчэ трэба будзе «знайсьці той суд, які будзе разглядаць справу ў дачыненьні да кліента». «Калі мне не было вядомае РУУС, якое афармляла вытворчасьць, мне, адпаведна, невядомы той суд, які будзе разглядаць справу, — растлумачыў ён. — Я ведаю, умоўна кажучы, што кліент знаходзіцца ў ІЧУ, таму адзін з судоў Менску будзе разглядаць справу. Што я раблю? Я адпраўляю апавяшчэньні ва ўсе дзевяць судоў з інфармацыяй пра тое, што, маўляў, я — абаронца, калі ласка, пусьціце мяне да кліента, дайце магчымасьць уступіць у працэс».

Сяргей Зікрацкі падчас суду над журналістам Андрэем Шаўлюгам. Працэс адбываўся па Скайпе
Сяргей Зікрацкі падчас суду над журналістам Андрэем Шаўлюгам. Працэс адбываўся па Скайпе

У судзе ў адваката ўзьнікае праблема, зьвязаная з правам на канфідэнцыйныя зносіны з кліентам. «Я знаходжуся ў судзе, кліент — у ІЧУ, у нас зносіны ідуць праз Скайп, — прывёў Зікрацкі тыповую для апошніх працэсаў сытуацыю. — Пакінем зараз за дужкамі тое, што вядзеньне працэсу праз Скайп не прадугледжана Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях (ПВКАП), гэта цяпер ня самае галоўнае. Але калі я маю зносіны з кліентам, у залі судовага паседжаньня застаецца сакратар, які прысутнічае побач са мной, а ў ІЧУ побач з маім кліентам знаходзіцца наглядчык або супрацоўнік органаў унутраных справаў. І вось такім чынам у нас адбываюцца канфідэнцыйныя зносіны».

Паводле яго судзьдзі нематывавана забараняюць адвакатам рабіць копіі матэрыялаў справы, нягледзячы на тое што ПВКАП дае такую магчымасьць. Зікрацкі лічыць, што гэтая забарона абумоўленая тым, што да складаньня адміністрацыйных спраў ставяцца фармальна і ў іх дапускаюцца парушэньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG