Аляксандар Лукашэнка ў час разгляду кадравых пытаньняў 20 кастрычніка чарговы раз выказаўся пра пратэсты ў Менску і іх здушэньне сілавікамі.
«Дрэнна, што швэндаюцца па Менску, паводзяць сябе нахабна, — цытуе Лукашэнку тэлеграм-канал „Пул первого“ . — Мы памянялі тактыку. Правільна сказаў кіраўнік упраўленьня па барацьбе з аргзлачыннасьцю: мы ў спакойным рэжыме знойдзем кожнага. Сучасныя сродкі дазваляюць гэта рабіць. Што мы, дарэчы, і робім. І кожны адкажа за свае дзеяньні. Я тут не пагражаю, мы ў гэтым кірунку працуем, і гэта дае пэўны эфэкт».
Лукашэнка згадаў і шэсьці пэнсіянэраў, якія адбыліся ў панядзелак, апазыцыйнае і праўладнае:
«Учорашні вось гэты прыклад, я назіраў за вайскоўцамі. Ён яскрава паказаў, хто чаго варты. Ну ня мы ж клікалі туды вайскоўцаў на гэтую плошчу Незалежнасьці. Гэта ж ня мы клікалі. Яны паклікалі (арганізатары акцыі. — РС) — аўганцаў, з Саюзу афіцэраў, былых тваіх калегаў з КДБ, з МУС. Ну, паклікалі, людзі прыйшлі са сваімі перакананьнямі пад дзяржаўнай сымболікай. Прыйшлі, паднялі гэтыя сьцягі, выказалі сваю думку», — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама сказаў, што ніводзін вайсковец «ня ўстаў на процілеглы бок пад калябарацыянісцкімі сьцягамі», гаворыцца ў паведамленьні.
Лукашэнка таксама заступіўся за ўдзельніцу акцый пратэсту Ніну Багінскую, заклікаў яе не арыштоўваць, назваў яе перакананым чалавекам.