У Хабараўску сотні жыхароў выйшлі на акцыю ў падтрымку арыштаванага былога губэрнатара рэгіёну Сяргея Фургала. Пратэсты ў рэгіёне працягваюцца 99 дзён запар. Самыя масавыя з іх традыцыйна праходзяць у суботы.
Удзельнікі акцыі традыцыйна сабраліся на плошчы Леніна перад будынкам ураду Хабараўскага краю і прайшлі шэсьцем па цэнтральных вуліцах гораду. Яны скандавалі лёзунгі супраць дзейнага губэрнатара Міхаіла Дзегцярова, прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, а таксама супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Скандавалі і «Беларусь, мы з табой!»
Афіцыйна мэрыя Хабараўска заявіла, што на галоўную плошчу гораду выйшлі сёньня каля 500 чалавек. Пры гэтым грамадзянскія актывісты кажуць пра некалькі тысячаў пратэстоўцаў.
Дэпутат расейскай Думы ад ЛДПР Сяргей Фургал стаў губэрнатарам Хабараўскага краю ў 2018 годзе, калі зь вялікай перавагай перамог на выбарах кандыдата ад «Адзінай Расеі». 9 ліпеня сёлета ён быў затрыманы каля свайго дома і адпраўлены ў Маскву, дзе быў арыштаваны. Палітыка абвінавацілі ў арганізацыі забойстваў і замаху на сваіх бізнэс-партнэраў. Былы губэрнатар усе абвінавачаньні адмаўляе і заяўляе пра ціск з боку сьледзтва.