Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэтка Наста Кудасава: «Хочацца быць ідэальнай»


Наста Кудасава
Наста Кудасава

Сёньня ў нас гутарка з Настай Кудасавай, паэткай, якая ў 2016 годзе за паэтычны зборнік «Маё невымаўля» атрымала прэмію беларускага ПЭН-цэнтру за найлепшую кнігу году.

Наста Кудасава распавядае, наколькі цікавае жыцьцё ў яе родным Рагачове, як і чаму яна піша вершы, куды ёй хочацца паехаць і што ў яе жыцьці найважнейшае. І чытае два вершы з кнігі, якую рыхтуе да друку.

Запрашаю пакаштаваць поўнае размоўнае мэню ў аўдыёфайле. А тэкстам — закускі для апэтыту.

Пра краіну

«Мне здаецца, што ў сэнсе таго, што нічога не адбываецца і час спыніўся, — гэта датычыць увогуле ўсёй нашай краіны. Я пажыла, павандравала, разабралася крыху, і мне здаецца, што амаль усюды, у любым маленькім горадзе, куды ні прыедзь, адчуваньне нейкай такой задухі, як быццам мы ўсе выпалі з кантэксту агульнаэўрапейскага жыцьця і варымся ў сваім уласным соку».

Што можна рабіць у Рагачове?

«Я вось хаджу гуляць у інтэлектуальныя гульні раз на два тыдні. Тут у нас зьявілася такая забаўка сёлета. У асноўным моладзь тусуецца якраз там. Раз на два тыдні мы прыходзім у кавярню і гуляем у гэтыя гульні. Гэта нейкі такі выхад у людзі. У прынцыпе, нічога большага ў нас няма».

Наста Кудасава. Фота: Анна Трутнева
Наста Кудасава. Фота: Анна Трутнева

А ў тэлевізары што?

«Я ў тэлевізары гляджу чэмпіянат Італіі па футболу».

Пра літаратурную вядомасьць

«У нашых варунках, у якіх мы жывём тут у Беларусі, калі ты хочаш, каб пра цябе ведалі, трэба ўвесь час варушыцца самому, мабыць. То бок я заўважыла, што на слыху звычайна тыя аўтары, якія самі пра сябе неяк там распавядаюць у сацыяльных сетках, увесь час прыцягваюць да сябе ўвагу. Можа быць, у маленькім горадзе таксама трэба самой прапаноўваць сябе. Але неяк не атрымлівалася. Я сама сябе прапаноўваць ня ўмею».

Любімыя вершы

«Ёсьць такія вершы-імпульсы, якія ствараюцца па натхненьні. Гэта мае любімыя вершы, таму што ты ніколі ня ведаеш, як гэта адбываецца, гэта такі цуд для цябе. То бок ты ня ведаеш, як ён напісаўся, як яго можна паўтарыць, растлумачыць».

Наста Кудасава. Фота: Яўген Батура
Наста Кудасава. Фота: Яўген Батура

Галоўнае ў паэтычнай творчасьці

«Галоўнае, канешне, — быць закаханай». (…) Мне б самой хацелася пісаць такія вершы, пасьля якіх хочацца жыць. Каб гэты надрыў адчуваўся».

Навошта патрэбная паэзія

«Я думаю, што без паэзіі жыць нельга, але навошта яна — я ня ведаю. (…) Паэзія — гэта такі ж цуд, як нейкая музыка, як нейкая мэлёдыя, якая, скажам, робіць паветра вакол нас прыгажэйшым, каб мы адчувалі сябе трошку больш напоўненымі, а не бессэнсоўнымі».

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG