Спэцслужбы Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і Францыі падазраюць у атручэньні Аляксея Навальнага Фэдэральную службу бясьпекі Расеі. Пры гэтым мяркуецца, што мэтай атакі было не забойства апазыцыянэра, а выгнаньне яго з краіны.
Пра гэта піша брытанская газэта The Guardian з спасылкай на неназваныя крыніцы.
Дзьве крыніцы газэты перакананыя, што за атручэньнем Навальнага стаіць служба абароны канстытуцыйнага ладу ФСБ, якая ўваходзіць у Цэнтар спэцыяльнага прызначэньня гэтай спэцслужбы. Яе ўзначальвае генэрал арміі Аляксей Сядоў, які працаваў у КДБ у Ленінградзе і знаёмы з Уладзімірам Пуціным з 1990-х гадоў.
Праз тое, што спэцслужбы пераканаліся ў датычнасьці ФСБ да замаху, Эўразьвяз і Вялікая Брытанія ўвялі санкцыі супраць дырэктара службы Аляксандра Бортнікава, піша газэта. Выданьне не тлумачыць, чаму санкцыяў унікнуў сам Сядоў.
Атручэньне Навальнага адбылося ў канцы жніўня ў Расеі, зараз палітык праходзіць рэабілітацыю ў Нямеччыне. Мяркуюць, што ён мог быць атручаны баявым атрутным рэчывам «Навічок» расейскай распрацоўкі. Масква датычнасьць да замаху катэгарычна адмаўляе.
Сам Навальны ў шэрагу інтэрвію, якія ён даў, выпісаўшыся з клінікі, заяўляў, што перакананы ў датычнасьці да яго атручэньня асабіста прэзыдэнта Пуціна. Навальны лічыць, што арганізаваць атручэньне маглі спэцслужбы — ён казаў пра ФСБ і Службу зьнешняй выведкі. На думку апазыцыянэра, яго спрабавалі забіць або прынамсі зрабіць інвалідам.
Раней расейскія выданьні «Проект» і «Московский комсомолец» пісалі, што перад атручэньнем Навальнага апэратыўнікі ў цывільным кантралявалі літаральна кожны яго крок. Пасьля гэтых публікацыяў праверыць інфармацыю аб незаконным сачэньні ФСБ папрасіў маскоўскі муніцыпальны дэпутат Ільля Яшын. У адказе службы было сказана, што падставаў для праверкі не знойдзена.