Міністэрства юстыцыі 14 кастрычніка вынесла папярэджаньне Беларускай партыі «Зялёныя».
Сярод названых парушэньняў —
- адсутнасьць абласных структураў,
- невыкананьне парадку справаздачнасьці,
- падпісаньне сумеснай партыйнай рэзалюцыі аб неабходнасьці новых выбараў і спыненьня гвалту.
Пра гэта сказана ў загадзе за подпісам намесьніка кіраўніка міністэрства Мікалая Старавойтава, копію якога атрымалі ў партыі, паведаміў БелаПАН.
Як адзначае Міністэрства юстыцыі, у адпаведнасьці з заканадаўствам партыя павінна мець структуры ў большасьці абласьцей Беларусі, але «высьветлена, што Беларуская партыя «Зялёныя» «на 1 кастрычніка 2020 году ня мае менскай гарадзкой і абласных арганізацыйных структураў у большасьці абласьцей Рэспублікі Беларусі».
Акрамя таго, паводле зьвестак міністэрства, яму не падалі сьпісы сяброў выбарных органаў (цэнтральнай рады, кантрольна-рэвізійнай камісіі) «Зялёных», абраных у студзені 2020 году, першасная арганізацыя № 1 партыі ў Чыгуначным раёне Гомеля не дала інфармацыі аб працягу сваёй дзейнасьці.
У Міністэрстве юстыцыі нагадалі таксама, што старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук удзельнічаў у абмеркаваньні грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, у выніку якога ім, паводле зьвестак дзяржаўнай структуры, была «падпісаная рэзалюцыя, якая зьмяшчае патрабаваньні, якія не стасуюцца з статутнымі мэтамі дзейнасьці Беларускай партыі «Зялёныя».
Міністэрства вынесла папярэджаньне і абавязала палітычную структуру зьліквідаваць парушэньні да 31 сьнежня. У выпадку, калі гэта ня будзе зроблена, «можа быць пастаўленае пытаньне аб ужываньні іншых мераў адказнасьці, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусі „Аб палітычных партыях“».
«Мы лічым, што папярэджаньне зьвязана з тым, што ня так даўно мы з прадстаўнікамі іншых партыяў сабраліся за круглым сталом і прынялі рэзалюцыю, у якой выступілі супраць гвалту. Падобная пазыцыя — гэта адна з каштоўнасьцяў Беларускай партыі „Зялёныя“, а ў прэтэнзіі сказана, што рэзалюцыя не адпавядае мэтам і задачам палітычнай партыі, з чым мы ня згодныя», — пракамэнтаваў БелаПАН папярэджаньне міністэрства Дзьмітры Кучук.
Ён таксама зьвязаў ціск з тым, што «Зялёныя» былі аднымі з арганізатараў круглага стала. «Пад прэсінгам знаходзяцца ўсе палітычныя партыі», — падкрэсьліў Кучук.
Беларуская партыя «Зялёныя» зьбіраецца абскарджваць вынесенае папярэджаньне ў Вярхоўным судзе.
10 верасьня прадстаўнікі дзесяці зь пятнаццаці зарэгістраваных у Беларусі палітычных партыяў падтрымалі адзіную рэзалюцыю, якая асуджае гвалт, заклікае да дыялёгу і новых прэзыдэнцкіх выбараў. Сярод падпісантаў рэзалюцыі былі як апазыцыйныя, так і прадзяржаўныя структуры.