Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны працягваюць біць людзей». Мянчук расказаў пра суткі ў ізалятарах на Акрэсьціна і ў Жодзіне


Сяргей Чаравака
Сяргей Чаравака

Мянчук Сяргей Чаравака выйшаў з ізалятара ў Жодзіне, дзе заканчваў адбываць 10 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у ланцугу салідарнасьці, які стаў ва Ўруччы 2 кастрычніка.

Першыя 5 дзён арышту Сяргей адбыў на Акрэсьціна, прычым сядзеў як у ізалятары часовага ўтрыманьня, гэтак і ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. А потым яшчэ 5 дзён – у ізалятары Жодзінскай турмы.

«Магу параўнаць. Але агульнае ўражаньне – паўсюль стала горш, чым раней. Турэмшчыкі яўна атрымалі загад давесьці ўмовы адседкі да катаваньняў, каб людзі панічна баяліся зноў трапіць за краты», – мяркуе Сяргей Чаравака.

Паводле Сяргея Чаравакі, і амапаўцы пры перавозцы затрыманых у райаддзелы міліцыі, і супрацоўнікі ізалятараў зноў сталі жорстка зьбіваць пратэстоўцаў, і гэта таксама ня проста свавольства, а мэтанакіраваная тактыка.

Мэдыкі адмовіліся пакласьці ў шпіталь арыштанта са зламанымі рэбрамі

Яшчэ ў ізалятары на Акрэсьціна Сяргей пазнаёміўся з пратэстоўцам Дзьмітрыем, якому пасьля затрыманьня амапаўцы зламалі два рабры. Потым зь Дзьмітрыем Сяргей аказаўся на адным этапе ў Жодзіна. Тады і выслухаў ягоную гісторыю.

«Яго затрымалі каля маршу зь сябрам, як выходзілі з крамы, а на ім быў наш сьцяг. А тут АМАП. Нешта запыталі, а Дзіма адважыўся па-беларуску адказаць. З-за мовы іх гэтак у бусе аддубасілі, што зламалі яму два рабры. Нават праз колькі дзён ён гаварыў ціха-ціха, доўга набіраючы паветра, бо дыхаць нармальна было балюча.

Не разумею, як маглі лекары з 3-га шпіталя, куды яго завезьлі з райаддзелу, пагадзіцца на тое, каб яго зноў адправілі на Акрэсьціна! Там мэдычнай дапамогі не было зусім, і ў Жодзіне тое самае.

Але Дзіма трымаўся. Ён цікавы яшчэ тым, што ўжо другі раз за час пратэстаў трапіў на суткі і не баіцца зноў выходзіць», – згадаў Сяргей Чаравака.

Паводле назіраньняў Сяргея, ва ўсіх трох ізалятарах, у якіх ён пабываў, шмат тых, каго затрымлівалі паўторна.

«Таму яны і злуюць, і ня толькі б’юць, але і ўмовы ўтрыманьня ператварылі ў катаваньне», – мяркуе Сяргей.

Сярод гісторый, што ён пачуў на Акрэсьціна, – гісторыя хлопца, які раней служыў у частцы ўнутраных войскаў 3214.

«Мне пра яго расказалі сукамэрнікі. Што амапаўцы, як даведаліся, дзе ён служыў, зьбілі яшчэ больш жорстка, бо палічылі здраднікам».

Таксама ад сукамэрнікаў Сяргей даведаўся пра свайго земляка, Валодзю з Салігорску.

«Яго гэтак зьбілі, што як прывезьлі, ня мог надзець чаравікі. А за гэта яго зноў білі. Расказваюць, ён ня мог зразумець, дзе знаходзіцца, пачаў трызьніць, і яго некуды павезьлі. Можа нават у Навінкі – ніхто ня ведае», – кажа Сяргей.

Як пакараньне ператварылася ў катаваньне

За кратамі Сяргей Чаравака сядзеў з 2 па 12 кастрычніка. Зь ягоных словаў, абыходжаньне зь вязьнямі на вачах пагоршылася яшчэ на Акрэсьціна, але асабліва ён наракае на ўмовы ў Жодзіне. Чаму параўноўвае іх з катаваньнем? Былы арыштант налічыў 11 доказаў. Вось асноўныя.

«Як па мне, дык катаваньне сьвятлом, можа, самае важнае. У камэры заўсёды, і цягам ночы, гарыць электрычнае сьвятло, таму немагчыма нармальна выспацца. Асабліва дастаецца тым, хто ляжыць на верхніх ярусах. На Акрэсьціна казалі, што ў іх зламаліся нейкія рэле, а ў Жодзіне нічога і не тлумачылі. Да таго ж сярод ночы маглі падняць камандай, альбо ўключалі нейкую прыладу, якая выдае пэрыядычныя глухія сыгналы», – кажа Сяргей Чаравака.

Ужо два дні, як ён выйшаў на волю, але кажа, што нармальны сон дагэтуль не аднавіўся. Плюс баляць вочы.

«Дзённага сьвятла ў Жодзіне ўвогуле не было, а гэта ж таксама катаваньне. Невялікіх літар, якія раней разьбіраў на тэлефоне, цяпер ня бачу. Ня ведаю, ці адновіцца зрок», – непакоіцца за здароўе былы вязень.

Іншымі формамі катаваньня Сяргей Чаравака назваў адсутнасьць прагулак (за 5 дзён была толькі адна цягам 15 хвілін), тое, што вязьняў ніводнага разу не звадзілі ў душ, і яшчэ тое, што цягам дня забаранілі сядзець ці ляжаць на ложках.

«Гэтак у Жодзіне пачалося нядаўна. Вывесілі новыя правілы, паводле якіх цягам дня прылегчы на ложак цяпер нельга, нават сесьці нельга. Ёсьць невялікая лаўка каля стала, але на ёй доўга ня ўседзіш, такая вузкая. Камэра 6 на 2 мэтры, і ўявіце, што ў такой камэры пасьля 9 жніўня цягам тыдня было 30 чалавек! Дык яны не сядзелі, а ўвесь час стаялі. Да нас пасьля Маршу годнасьці ў камэру раніцай панядзелка прывялі арыштантаў. І што? Людзі стомленыя допытамі і аглядамі, іх ноччу вазілі па этапе зь Менску ў Жодзіна, а ў камэры нават прылегчы нельга!» – кажа Сяргей.

Да гэтага Сяргей дадае няякаснае харчаваньне, фактычную адсутнасьць мэдычнай дапамогі, цяжкае паветра ды іншыя бытавыя рэчы, якія ператварыліся ў зьдзек.

«Туалетную паперу нібыта выдаюць, але не адразу рулён, а кожны раз трэба прасіць, як узьнікае патрэба. І таму ад ахоўніка можна пачуць ультыматум, што вось ня дасьць паперы, дык будзеш рукой карыстацца. І такое сапраўды бывала. Увогуле на кожным кроку да нас ставяцца, як да злачынцаў. Ахоўнік уваходзіць у камэру – трэба ўсім падняцца і стаць да сьцяны тварам, рукі за сьпінай. Хіба гэта не прыніжэньне?» – абураецца Сяргей Чаравака.

Сяргею Чараваку 36 гадоў, родам ён з Салігорскага раёну, але доўгі час жыве ў Менску. Скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, ведае францускую, ангельскую, італьянскую мовы, дадаткова навучаўся эканоміцы. Працаваў менэджарам у аўтафірме, улетку ледзь не ўладкаваўся ў ІТ-кампанію, але з прычыны апошніх падзей страціў гэтую пэрспэктыву і цяпер зноў шукае працу.

А чаму б ня зьехаць за мяжу?

«Ды не хачу я нікуды зьяжджаць, мне Беларусь вельмі падабаецца. Тут у мяне сыны падрастаюць, сваякі, сябры. Калі ўдасца прыбраць гэтых хлопцаў ад улады, а я ў гэта веру, краіну адбудуем вельмі хутка – дзеля гэта ўсё ёсьць», – мяркуе Сяргей Чаравака.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG