Сёлета Дзень маці ў Беларусі — гэта хутчэй дзень жалобы. Сотні жанчын і мужчын знаходзяцца ў зьняволеньні, і сотні маці перажываюць гэты жах — іх дзеці ў турме.
Напярэдадні сьвята так званыя «праваахоўнікі» распылялі сталым жанчынам газ у вочы, кідалі сьвятлашумавыя гранаты і стралялі проста на вуліцах. Паралельна з гэтым старшыня Беларускага саюзу жанчын і намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан расказвала, што трэба стымуляваць нараджальнасьць, і асуджала тых маці, якія бяруць з сабой дзяцей на акцыі пратэсту. А намесьніца старшыні Беларускага саюзу жанчын і намесьніца старшыні пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч казала пра важнасьць прапаганды сямейных каштоўнасьцяў і пра тое, як мерапрыемствы па ўсёй краіне будуць праслаўляць маці.
Ніводная з гэтых чыноўніц не асудзіла дзяржаўны гвалт і ня выказалася наконт незаконных затрыманьняў, зьбіцьця і катаваньняў жанчын. Маўчаць яны і пра выпадкі, калі на жанчын з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй ціснуць празь дзяцей — пагражаюць, што сям’ю прызнаюць такой, што знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, а дзяцей забяруць у прытулак. І, вядома ж, яны нічога ня кажуць пра адвагу жанчын, якія, нягледзячы ні на што, працягваюць змагацца за свае правы даступнымі ім спосабамі.
Замест гэтага Алена Богдан вырашыла асудзіць маці, якія бяруць дзяцей на пратэсты. Нават не папярэдзіць пра небясьпеку для дзяцей з боку супрацоўнікаў так званых «праваахоўных органаў», бо тыя гатовыя біць усіх, хто трапляецца пад руку, а менавіта асудзіць. Аказваецца, на акцыі пратэсту дзяцей ня трэба браць, бо сам удзел у такіх мерапрыемствах дае малым разуменьне, што закон — гэта нешта, што зусім не абавязкова выконваць.
У нейкай ступені я фармальна магу пагадзіцца з чыноўніцай — на акцыях сапраўды можна ўбачыць, як закон працуе супраць простых людзей і як яго масава парушаюць супрацоўнікі ў форме і цывільным. Але ж яна кажа пра іншае. Для яе парушальніцы і парушальнікі закону — тыя, хто выходзіць пратэставаць. І яна шчыра клапоціцца, каб дзеці не навучыліся ад бацькоў, што за свае правы можна і трэба змагацца. Зрэшты, яе асабістая зацікаўленасьць зразумелая — не хапала яшчэ, каб людзі прыгадалі ёй усю хлусьню, якую яна казала на брыфінгах падчас першай хвалі каранавірусу.
Словы Ліліі Ананіч таксама гучаць лягічна, калі не забываць, што яна высокапастаўленая чыноўніца рэжыму Лукашэнкі. Але ж менш агіднымі яны ад гэтага не становяцца.
Заклікі «падвышаць нараджальнасьць» — гэта заўжды сумнеўная ідэя. А калі такія заклікі гучаць у часы беззаконьня, калі маці суткамі ня могуць знайсьці сваіх дзяцей па аддзяленьнях міліцыі і турмах, — гэта ўжо цынізм найвышэйшай пробы. Нараджаць для таго, каб невядомыя ў форме білі і калечылі дзяцей? Дзякуй, ня хочацца.
Дзяржава згадвае пра павагу да маці толькі пару разоў на год — калі трэба неяк адзначыцца ў сувязі са спэцыялізаванымі сьвятамі. Ва ўсе астатнія дні маці — гэта ва ўсім вінаватыя жанчыны, якія мусяць «сядзець і не адсьвечваць», а дзяржава пакідае за сабой права раздаваць ацэнкі, якія маці добрыя, а якія — не.
І ў ранг кепскіх трапляюць, вядома ж, ня толькі тыя, хто ня можа паўнавартасна даглядаць малых праз стан здароўя ці шкодныя звычкі, але і тыя, хто мае актыўную грамадзянскую пазыцыю і адкрыта яе дэманструе.
9 кастрычніка маю сяброўку і каляжанку Яўгенію Доўгую затрымалі побач з домам проста на вачах яе дзевяцігадовай дачкі. На заўвагу: «У мяне малое дзіця» ў РАУСе рэагавалі словамі: «Ну і што?». Сёньня, непасрэдна ў Дзень маці, затрымалі маці палітзьняволенага Паўла Севярынца Тацяну Севярынец — пасьля размовы ў РАУСе яе адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня чакаць суду.
Вось так улады славяць мацярынства — руйнуюць сем’і, калечаць жанчын і іх дзяцей. Проста таму, што могуць. Проста таму, што садысты.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не канечне адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.