МЗС Аўстрыі заклікала ўлады Беларусі спыніць гвалт над дэманстрантамі і вызваліць затрыманых падчас мірных пратэстаў.
«І зноў зьяўляюцца трывожныя кадры зь Менску, дзе затрымліваюць сотні мірных дэманстрантаў і журналістаў. Гвалт павінен быць неадкладна спынены, усе адвольна затрыманыя асобы павінны быць вызваленыя», — напісала замежнапалітычнае ведамства Аўстрыі ў твітэры.
Кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс лічыць, што Эўразьвяз мусіць пашырыць свой санкцыйны сьпіс у адказ на новы гвалт у Беларусі.
«Рэпрэсіі, пабіцьцё і затрыманьні мірных дэманстрантаў працягваюцца ў Беларусі, нядзеля была асабліва брутальнай, ЭЗ павінен пашырыць свой санкцыйны сьпіс адказных за гэта, мы працягнем прасоўваць гэтае пытаньне», — адзначыў Рынкевічс у Твітэры.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», колькасьць затрыманых на «Маршы годнасьці» 11 кастрычніка па ўсёй краіне дасягнула амаль 600 чалавек.