Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зачыстка Магілёва перад прыездам Лукашэнкі і іншыя затрыманьні 10 кастрычніка

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Магілёве, куды 12 кастрычніка мае прыехаць Аляксандар Лукашэнка, сёньня затрымалі 13 чалавек, у Гомлі АМАП затрымаў блогера, у Менску — сузаснавальніцу «Маршыруй, дзетка!», а ў Прылуках — амапаўцы 3 гадзіны ламіліся ў дом і пагражалі выламаць дзьверы.

У Магілёве 10 кастрычніка затрымалі сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Тацяну Сівачэнку, сказаў Свабодзе старшыня абласной партыйнай арганізацыі Ўладзімер Шанцаў. Паводле яго, Сівачэнка пасьпела паведаміць, што разам зь ёю затрымалі яшчэ 12 чалавек. Усіх даставілі ў Ленінскі РАУС.

Больш як праз 3 гадзіны некаторых пачалі выпускаць з РАУС. Як сказала Свабодзе адна з вызваленых, выпускаюць тых, хто ўпершыню апынуўся ў міліцыі, а тых, на каго раней складалі падобныя пратаколы, на 72 гадзіны зьмесьцяць у ізалятар. На ўсіх складаюць пратаколы за ўдзел у «несанкцыянаваным пікеце супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў». Паводле жанчыны, затрыманыя «прыхільнікі пераменаў» сёньня зьбіраліся пасярод возера на ўскрайку Магілёва паставіць плыт зь бел-чырвона-белым сьцягам. Нечакана зьявіліся амапаўцы на двух мікрааўтобусах і затрымалі ўсіх, хто быў ля вадаёму.

У Магілёве гавораць, што 12 кастрычніка тут чакаюць Лукашэнку: ён зьбіраецца адкрываць паліклініку ў адным з спальных раёнаў.

У Менску 10 кастрычніка затрымалі:

  • Адміністратарку раённага тэлеграм-чату Трактарнага пасёлку Іну Васільеву. Паводле сяброў жанчыны, яна ў Сьледчым камітэце. Зь яе кватэры забралі тэхніку і мабільныя тэлефоны. Васільева праходзіць па крымінальнай справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў, адваката да яе не пускаюць.
  • Сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Сьвятлану Гатальскую, сузаснавальніцу «Маршыруй, дзетка!» — ініцыятыўнай групы, якая працуе над прыняцьцем у краіне комплекснага закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Яе павезьлі ў Маскоўскі РУУС Менску, прычына затрыманьня невядомая.
  • Карэспандэнт «Нашай Нівы» сёньня стаў сьведкам затрыманьня ў Менску вулічнага музыкі, які граў каля Макдональдса на праспэкце Незалежнасьці «Тры чарапахі» і «Разбуры турмы муры».
  • Некалькі чалавек у Менску затрымалі «за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах», паведаміла агенцтву РИА Новости прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч.

У Гомлі АМАП сёньня затрымаў блогера Івана Рамязоўскага, які вёў стрым з праўладнага мітынгу ля Палаца лёгкай атлетыкі. На стрыме чуваць, як да яго падышлі міліцыянты, і блогер апраўдваецца: «Я канцэрт прыйшоў паглядзець!» — а потым ідзе з амапаўцамі ў сіні мікрааўтобус. Затрыманьне блогера пацьвердзіў гомельскі актывіст Аляксей Раманаў. Блогер Іван Рамязоўскі — сірата. Ён ужо неаднаразова адбываў «суткі» за ўдзел у розных акцыях.

У Докшыцах сёньня затрыманы Юры Мацяюн, афіцэр міліцыі ў адстаўцы, паведамілі «Нашай Ніве» чытачы з Докшыц. На яго доме ад 9 жніўня вісеў бел-чырвона-белы сьцяг. Міліцыянты сфатаграфавалі сьцяг, а потым затрымалі гаспадара, зьвезьлі ў пастарунак і пакінулі там да суду ў панядзелак.

Да жыхара вёскі Прылукі пад Менскам Андрэя Бародзіча сёньня зранку ламіліся амапаўцы, супрацоўнікі МНС зь сякерамі і людзі ў цывільным, пагражаючы выламаць дзьверы, піша «Новы час». У кватэры былі сам Андрэй, яго жонка і дачка, якой няма і двух гадоў. Супрацоўнік у цывільным сказаў бацьку, які прыехаў да дома сына пасьля яго званка са словамі «да мяне бандыты ў дзьверы ломяцца»: «Дзякуйце таму, што ў кватэры малалетняе дзіця, таму дзьверы ламаць ня будзем». Паводле бацькі Андрэя, супрацоўнік паказаў пастанову аб ператрусе, у якой было напісана пра арганізацыю масавых беспарадкаў, падпалаў, супраціў. Больш як праз тры гадзіны сілавікі зьехалі.

Напярэдадні, перад суботнім Глябальным жаночым маршам на знак падтрымкі і салідарнасьці зь Беларусьсю, у Беларусі затрымалі некалькіх актыўных жанчын:

  • Вольгу Шпарагу, філёзафа, сябра Каардынацыйнай рады,
  • Юлію Міцкевіч, суарганізатарку Фэмгрупы Каардынацыйнай рады, дырэктарку Цэнтру разьвіцьця эфэктыўнай камунікацыі «Актыўным Быць Файна»,
  • Яўгенію Доўгую, журналістку «Зялёнага парталу»,
  • Ганну Якштас, рэдактарку «Сильных новостей» з Гомля,
  • Ларысу Шчыракову, журналістку тэлеканалу «Белсат».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG