Берасьцейка, якая звольнілася з войска з палітычных матываў, расказала, як іх рыхтавалі перад выбарамі, што ёй казалі перад сыходам і чаму яна зьехала за мяжу.
Тацяне (імя на просьбу гераіні зьмененае) 37 гадоў. Выхоўвае чатырох дзяцей ва ўзросьце ад 6 да 18 гадоў. Больш за 8 гадоў служыла ў 38-й дэсантна-штурмавой брыгадзе Берасьця. Працавала санітарным інструктарам роты, мае мэдыцынскую адукацыю. Звольнілася ў званьні «старшына». Перад войскам працавала ў дзіцячай паліклініцы і ў рэанімацыі шпіталю.
Ніжэй ейны аповед.
«У такім войску я служыць не хачу»
«Калі пачаліся ўсе гэтыя дзеяньні (пратэсты. — РС), усіх пасадзілі на казарменнае становішча. Пайшлі чуткі, што па загадзе будзем падымацца і са зброяй выходзіць на разгон мітынгаў, у ачапленьні стаяць. Калі быў бы загад страляць, ён бы на мяне таксама распаўсюджваўся.
Я адразу сказала, што ня буду выконваць злачынныя загады, у людзей страляць я ня буду і зброю з патронамі ў рукі таксама браць ня буду. На што мне сказалі: Ты разумееш, што табе будзе за невыкананьне загаду?» Там аж да турмы. Я сказала: "Разумею. Але я давала свайму народу прысягу, што я яго буду абараняць. Не прэзыдэнту, ні вам, нікому. Прэзыдэнт ідзе на апошнім месцы ў прысязе.
11 жніўня я сышла на бальнічны, бо ў мяне забалела сьпіна. Са старэйшай дачкой мы ўдзельнічалі ў мітынгах увесь час. 16 жніўня шматтысячны натоўп хадзіў па горадзе, і мы там былі. Відаць, добра папрацавалі спэцслужбы, шмат людзей тады забралі. 17 жніўня, калі я была яшчэ на бальнічным, мне пазванілі з працы і сказалі, што мяне выклікае камандзір батальёну. Я ўжо разумела, навошта. Я на мітынгу была з адкрытым тварам, без маскі, не баялася, не хавалася.
Яны мяне з бальнічнага вырвалі: «Або ты даеш зваротную, і, магчыма, мы цябе пакінем на службе ў войску, або ты пашкадуеш пра свой выбар. Я ім сказала: «Не, сваю пазыцыю я не памяняю. Я супраць таго, што адбываецца ў войску. У такім войску я служыць не хачу. Звальняйце».
«Мяне звальнялі як ворага войска»
«У мяне чацьвёра дзяцей, крэдыты ў Беларусі, трэба выплачваць кантрактныя грошы 4900 рублёў (вярнуць узнагароджаньне, калі вайсковец не даслужыў да канца кантракту. — РС). Яны сталі ціснуць: „Ты бяз працы застанесься. Што ты робіш?!“. Я сказала: „Звальняйце“.
Паклікалі ўсіх жанчын батальёну, каб усе бачылі, што звальняюць ганебна. Маўляў, калі кіраўніцтва батальёну не спынілася, каб звольніць маці з 4 дзецьмі, то бойцеся вы ўсе, будзе яшчэ горш. Па заканадаўстве выкінуць з працы маці з 4 дзецьмі вельмі складана. Мяне звальнялі як ворага войска, здрадніка. Шмат чаго сказалі ў мой адрас, якая я дрэнь. Я сказала, што сваю пазыцыю падтрымліваю, ад яе я не адмоўлюся.
Я напісала рапарт, паклала на стол камбату, разьвярнулася і сышла. Камбат, які мяне звальняў, сказаў пры іншых калегах, што прыкладзе ўсе намаганьні, каб забраць у мяне дзяцей. Маўляў, такая бязмозгая, як яна, ня мае права выхоўваць дзяцей, бо выхавае такіх жа бязмозглых. Казалі, што табе ж дзяржава выдзеліла кватэру, а ты такая няўдзячная пайшла супраць прэзыдэнта, што твае дзеці вучацца ў школе бясплатна, харчуюцца бясплатна (насамрэч 50% аплаты за харчаваньне)».
«Я для іх несла вельмі вялікую пагрозу»
18 верасьня мы зь дзецьмі выехалі за мяжу. Адразу на мяжы я папрасіла палітычны прытулак і міжнародную абарону. Напісала заяву на статус бежанца.
Я зьехала, бо разумела: я вайскоўка — мяне ў супакоі не пакінуць. Я ўжо знаходжуся ў базе дадзеных у спэцслужбаў. Мы да апошняга ўдзельнічалі ў мітынгах. Мы з дачкой ад АМАПу зьбягалі, нам камэры ў твар тыкалі і здымалі.
Яшчэ на мітынгу я ішла зь бел-чырвона-белым сьцягам даўжынёй 100 мэтраў. Магчыма, гэта падштурхнула іх з такой агрэсіяй мяне звальняць. Маўляў, у нас сьцяг чырвона-зялёны, а ты ішла з гэтым фашыстоўскім сьцягам. Я сказала: «Не, хлопцы, у мяне сьцяг бел-чырвона-белы».
Я для іх несла вельмі вялікую пагрозу, бо вайсковы чалавек шмат чаго ўмее, шмат чаго ведае, нас навучалі. Калі б пачалася бойня на мітынгу праз правакатараў, першага, каго бы абвінавацілі, была бы я. Я разумела: калі яны возьмуць мяне, дзяцей аддадуць у дзіцячы дом, і больш я іх ня ўбачу.
На адным мітынгу «ціхар» заламаў руку дзяўчыне. Я, каб яе ўратаваць, сарвала зь яго маску, ён адпусьціў яе і пераключыўся на мяне, а я зьбегла праз натоўп. Ён сказаў: «Я цябе, дрэнь, знайду». І праз два дні мы зьехалі.
Вельмі страшна было апошні тыдзень, калі вяла дзіця ў садок. Глядзіш у вочка, ці там нікога няма, адчыняеш дзьверы, глядзіш, ці няма нікога каля ліфтоў, каля сьмецьцеправода. За мной ужо сачылі, у двары стаяў бус па 3-4 гадзіны. Машыны ехала па дарозе, калі я вяла дзіця, спыняліся каля нас, далей ехалі, нас суправаджалі. Было вельмі страшна. Апошнія чатыры дні быў страх, што мяне возьмуць у любы час. Калі б мы хаваліся, мне трэба было бы патлумачыць свой страх дзецям, чаму мы зьбеглі з кватэры».
«Нам казалі, што на мітынгі выходзяць наркаманы, алкашы, быдла»
«Нам казалі, што на мітынгі выходзяць наркаманы, алкашы, быдла. Мы павінны абараніць сувэрэнітэт нашай дзяржавы. Праходзіла поўная ідэалягічная праца. У нас на кожным батальёне ёсьць палітрук, які праводзіў размовы, што ўсё гэта быдла трэба разганяць, што вельмі шмат прыехала здраднікаў з Польшчы, Чэхіі, Амэрыкі, будуць рабіць як ва Ўкраіне Майдан, таму мы гэтага дапусьціць ня можам.
У нас перад выбарамі была дадатковая трэніроўка баявой гатоўнасьці, калі падымаюцца ўзброеныя сілы, і ідзе поўная трэніроўка. Я ведала, што перад выбарамі набіралі партызанскія атрады — тых, хто адслужыў і сышоў на дэмбель, на пэнсію. Колькі іх набралі, ня ведаю, але мэдыцынскую камісію перад гэтым праходзілі многія.
Я ня ведаю, якія прэміі плацяць вайскоўцам за разгоны дэманстрацый. Але ў маёй знаёмай былы муж — амапавец. Калі раней ён ёй дасылаў невялікія алімэнты, то за верасень ёй прыйшло 5 тысяч рублёў, гэта 25% ад заробку. Калі палічыць, то ягоны заробак — 20 тысяч рублёў.
Калі мы пайшлі на мітынг зь дзіцем, я зразумела, што там няма ніякіх правакатараў, то бок правакатары былі, але я разумела, што гэта «нашыя», з АМАПу, зь міліцыі. Я разумела, што мы звычайны народ, які ня згодны з вынікамі выбараў. Я ведала, што 90% маіх знаёмых галасавалі за Ціханоўскую. Калі сказалі, што 80% набраў наш прэзыдэнт, мяне гэта абурыла, гэта быў плявок нам усім у твар.
Палова маіх паплечнікаў па службе разумее гэта, але яны баяцца страціць сваё месца. Яны лічаць, што ў іх добры заробак (800-1000 рублёў), які яны баяцца страціць. Калі я звальнялася, я разумела, што застаюся без заробку, што мне трэба будзе карміць дзяцей, плаціць крэдыты, што мне будзе закрытая дарога на любую дзяржаўную працу. Я зьвярнулася ў фонд BySol. Калі я прадставіла доказы свайго звальненьня, мне выплацілі 1,5 тысячы эўра, якія пайшлі на пагашэньне кантрактных грошаў. Таксама зьвярнулася па дапамогу да «Сумленных людзей».
Калі я вярнуся ў Беларусь, ня ведаю, бо мяне будуць чакаць. Я баюся за сваё жыцьцё, за жыцьцё сваіх дзяцей".
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелАПАН.