Паводле новых дасьледаваньняў, вітамін, які звычайна выпрацоўваецца клеткамі скуры пад узьдзеяньнем сонца, можа адыгрываць ролю ў прадухіленьні сьмяротных выпадкаў ад COVID-19.
Папярэднія вынікі дасьледаваньня, праведзенага навукоўцамі з Шпітальнага фонду каралевы Лізаветы і Ўнівэрсытэту Ўсходняй Ангельшчыны, зьвязваюць нізкі ўзровень вітаміну D са сьмяротнасьцю ад COVID-19 па ўсёй Эўропе.
Дасьледнікі вывучылі наяўную мэдычную літаратуру для каталягізацыі сярэдніх узроўняў вітаміну D сярод грамадзянаў 20 краінаў Эўропы, а затым параўналі дадзеныя з адноснай колькасьцю сьмерцяў ад COVID-19 у кожнай краіне.
Просты статыстычны тэст паказаў, што паміж лічбамі існуе даволі пераканаўчая карэляцыя: у папуляцыі зь нізкай сярэдняй канцэнтрацыяй вітаміну D назіраецца большая колькасьць сьмерцяў ад SARS-CoV-2.
«Найбольш уразьлівая група насельніцтва для COVID-19 — тая, у якой найбольшы дэфіцыт вітаміну D», — заключаюць дасьледнікі ў папярэдняй справаздачы.
Гэтыя папярэднія высновы, вядома ж, не прэтэндуюць на абсалютную дакладнасьць, бо, магчыма, людзі, якія маюць больш высокі ўзровень вітаміну D у целе, рабілі і нешта іншае, што дапамагала ім супрацьстаяць вірусу.
Аднак папярэднія вынікі і не зьдзіўляюць, бо адпавядаюць ранейшым, больш надзейным, дасьледаваньням, паводле якіх дастатковы ўзровень вітаміну D можа зьнізіць рызыку ўзьнікненьня рэсьпіраторных інфэкцый, такіх як грып і сухоты, а таксама дзіцячай астмы.
Вітамін D — гэта тлушчараспушчальнае злучэньне, якое мы можам атрымаць у якасьці пажыўнага рэчыва з прадуктаў, такіх як грыбы або рыба, або праз нашу скуру, калі пэўная форма халестэрыну ў скуры рэагуе на ўльтрафіялетавае выпраменьваньне.
Вядомая яго роля ў падтрыманьні ўзроўню кальцыю ў нашых касьцях, таму дэфіцыт гэтага вітаміну выклікае дэфармацыі шкілета, такія як рахіт, а таксама павышае рызыку дэгенэрацыі костак пры такіх хваробах, як астэапароз.