У рамках свайго візыту ў Славаччыну Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася сёньня зь міністрам замежных справаў, прэм’ер-міністрам, а пазьней і з прэзыдэнткай гэтай краіны Зузанай Чапутавай.
«Сустрэча доўжылася 30 хвілін і прайшла ў цёплай атмасфэры. Сьвятлану сустрэлі як дзяржаўнага лідэра», — паведамляе Тэлеграм-канал Ціханоўскай.
Сьвятлана Ціханоўская расказала пра сытуацыю з палітвязьнямі, а таксама пра неабходнасьць падтрымліваць студэнцкія і гуманітарныя праекты і аказваць дапамогу параненым падчас мірных пратэстаў.
Зузана Чапутава выказала падтрымку беларускаму народу і пацікавілася, якім чынам могуць выглядаць перамовы аб новых выбарах у Беларусі, а таксама якія краіны могуць удзельнічаць у якасьці пасярэднікаў.
Ціханоўская падаравала прэзыдэнтцы Славаччыны кнігу «Краiна Беларусь» у перакладзе на ангельскую мову.
Сёньня ў Браціславе адбылася сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністрам Славаччыны Ігарам Матавічам. Пасьля сустрэчы Матавіч заявіў, што Славаччына не прызнае Аляксандра Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі.
Прэм’ер-міністар таксама падкрэсьліў ролю беларускіх жанчын у барацьбе за свабоду і дэмакратычныя выбары. Матавіч запэўніў Ціханоўскую ў падтрымцы беларускаму народу з боку славацкага ўраду.
«Выбары — гэта выбары, калі яны дэмакратычныя; а тое, што адбылося ў Беларусі, адназначна не было дэмакратычным, празрыстым і справядлівым», — сказаў прэм’ер-міністар, дадаўшы, што Славаччына гатовая падтрымаць беларускі народ у барацьбе за свабоду і дэмакратыю.
Прэм’ер-міністар таксама сказаў, што паважае асабістую пазыцыю Ціханоўскай, якую яна да гэтага часу выяўляла ў барацьбе, і лічыць, што яна будзе настойлівай у гэтай барацьбе да самага канца.
«Я цьвёрда веру, што, як і краіны Эўрапейскага зьвязу, Расея і краіны на ўсход ад Беларусі дадуць беларускаму народу свабоду прымаць дэмакратычныя і свабодныя рашэньні», — сказаў на заканчэньне Матавіч.
Сёньня МЗС Славаччыны прыняў рашэньне адклікаць пасла зь Беларусі для кансультацый. Пра гэта ў чацьвер паведаміў у «Твітэры» кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Іван Корчак.
«Я вырашыў адклікаць кіраўніка нашай місіі ў Менску для кансультацый у Славаччыну на знак салідарнасьці зь Літвой і Польшчай. Крокі, зробленыя ўладамі Беларусі супраць іншых краін Эўразьвязу, непрымальныя», — напісаў ён.
Таксама Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком МЗС Славаччыны Іванам Корчакам, дыяспарай і прадстаўнікамі НДА.
Раней сёньня Сьвятлана Ціханоўская атрымала ў Браціславе прэмію GLOBSEC за ролю лідэра і самаахвярнасьць. Гэтую прэмію штогод дае арганізацыя GLOBSEC і чэская эўраатлянтычная рада JAGELLO 2000. Прэмію Ціханоўскай уручыў аналітык, былы міністар міжнародных адносін Славаччыны Павал Дэмеш.