Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН абавязалі Беларусь перагледзець закон аб масавых мерапрыемствах


Зьміцер Карашкоў, які падаваў скаргу ва Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (архіўнае фота)
Зьміцер Карашкоў, які падаваў скаргу ва Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (архіўнае фота)

30 верасьня Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека апублікавала рашэньне Камітэту па правах чалавека (№ 2482/2014), прынятае па індывідуальнай скарзе жыхара Гомля Зьмітра Карашкова, у якім беларускі ўрад абавязалі на працягу 180 дзён зьмяніць закон аб масавых мерапрыемствах.

Прыняты на міжнародным узроўні вэрдыкт «Гомельскай Вясьне» пракамэнтаваў праваабаронца, кіраўнік Гомельскага цэнтру стратэгічных цяжбаў Леанід Судаленка, які займаўся справай на міжнародным узроўні.

У 2013 годзе гомельскі актывіст Зьміцер Карашкоў перад вокнамі аблвыканкаму на цэнтральнай плошчы Гомля разгарнуў вялізны транспарант «Перастаньце прадаваць алькаголь каля школ». За гэта яго абвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства, за што суд выпісаў буйны штраф. У 2014 годзе Карашкоў прыйшоў да амбасады Расеі ў Менску з плякатам «Пуцін — рукі прэч ад Украіны». Суд прызнаў яго вінаватым у правядзеньні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і арыштаваў на 15 сутак.

Прайшоўшы ўсе ўнутраныя сродкі прававой абароны, Дзьмітры Карашкоў зьвярнуўся з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. Камітэт па правах чалавека тройчы — у 2014, 2016 і 2017 гадах — зьвяртаўся да ўраду Беларусі па камэнтар адносна гэтай сытуацыі, аднак афіцыйны Менск запыты з Жэнэвы праігнараваў.

Камітэт у гэтым рашэньні нагадаў, што любыя абмежаваньні на ажыцьцяўленьне свабоды думак і іх выказваньня павінны адпавядаць строгім крытэрам неабходнасьці і сувымернасьці. Паводле камітэту, пакараньне Карашкова, хоць яно і грунтуецца на нацыянальным заканадаўстве, ня можа лічыцца апраўданым.

Паводле рашэньня Камітэту, беларускі ўрад абавязаны

  • даць Зьмітру Карашкову адэкватную кампэнсацыю, уключаючы пакрыцьцё сумы накладзенага штрафу і любых панесеных ім судовых выдаткаў;
  • зрабіць усе неабходныя захады для прадухіленьня падобных парушэньняў у будучыні, перагледзець нацыянальнае заканадаўства і практыку яго прымяненьня, для таго каб забясьпечыць кожнаму поўнае ажыцьцяўленьне права на свабоднае выказваньне думкі;
  • апублікаваць прынятае рашэньне на сваіх дзяржаўных мовах і аб зробленых захадах паведаміць на працягу 180 дзён у ААН.

Леанід Судаленка адзначыў, што хоць афіцыйны Менск пакуль ігнаруе рашэньні, якія прымаюцца ў КПЧ ААН, тым ня менш такая пазыцыя і такое стаўленьне да правоў чалавека не зьніжаюць каштоўнасьці рашэньняў, якія прымаюцца ў Жэнэве.

«Гэтая праца для будучага дэмакратычнага ўраду нашай краіны, пры якім усе прынятыя ў КПЧ ААН рашэньні будуць выкананыя», — дадаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG