Актывіста АГП з Дуброўны Міхаіла Чамураку міліцыя затрымлівала з ужываньнем сілы і спэцсродкаў, два дні яго трымалі ў ізалятары ў Воршы. У выніку Аршанскі суд пастанавіў спыніць адміністрацыйны працэс праз адсутнасьць у дзеяньнях абвінавачанага складу правапарушэньня.
Міхаіл Чамурака не аднойчы трапляў пад адміністрацыйны перасьлед. Звычайна гэта сканчалася адміністрацыйным арыштам ці штрафам. Актывіст не хавае, што перажытае днямі стала для яго неспадзяванкай.
Міхаіл Чамурака кажа, што гісторыя пачалася з публікацыі ў сацыяльных сетках відэа, героямі якога сталі дубровенскія супрацоўнікі ДАІ.
29 верасьня ў дарожна-патрульнай службы зьявіліся прэтэнзіі да ягонай машыны. Яе праводзілі на штрафстаянку мясцовага РАУС, а самога актывіста «занесьлі» ў будынак міліцыі. Там кінулі на падлогу ды начапілі на рукі кайданкі. У дубровенскай міліцыі ён прабыў да вечара, потым яго этапавалі ў ізалятар Воршы.
Пазьней у матэрыялах справы Чамурака прачытаў, што яму інкрымінуецца непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі. Паводле міліцэйскага пратаколу, ён зьняважыў службовую асобу пры выканьні ёю абавязкаў, а таксама здымаў на відэа рэжымны аб’ект. Ігнараваў заўвагі, а пры затрыманьні аказаў супраціў, таму супраць яго была ўжытая фізычная сіла. У тым самым вінавацілі і ягонага брата, які таксама два дні прабыў у ізалятары.
Па словах Міхаіла Чамуракі, у судзе запісы відэаназіраньня, прадстаўленыя міліцыяй, не пацьвердзілі ягонага правапарушэньня і супярэчылі тлумачэньням апэратыўнікаў. Актывіст кажа, што ён рыхтаваўся да 10 сутак адміністрацыйнага арышту, але судзьдзя нечакана пастанавіў яго апраўдаць. Вызвалілі і брата.
Пасьля міліцыі ў Міхаіла Чамуракі засталіся сінякі на целе. Ён кажа, што гатовы зьняць пабоі, але баіцца паўторнай правакацыі з боку кіраўніцтва РАУС.