Пра сваё звальненьне паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку консул Генэральнага консульства Беларусі ў Беластоку Міхаіл Гольцаў.
«Этап у выглядзе амаль 8,5 гадоў службы краіне і людзям завершаны. У сваёй дзейнасьці я заўсёды кіраваўся прынцыпамі гуманізму, прафэсіяналізму і адданасьці справе», — напісаў дыплямат.
У цяперашні час Гольцаў гатовы разгледзець прапановы аб працы.
Хто яшчэ звольніўся з МЗС
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў шэраг дыпляматаў пакінулі МЗС з прычыны сваёй грамадзянскай пазыцыі, выказанай публічна. Пасадаў і/або дыпляматычнага рангу пазбавіліся паслы Беларусі ў Гішпаніі, Латвіі і Славакіі.
Ігара Ляшчэню звольнілі з пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Славаччыне 24 жніўня.
Пасол Беларусі ў Аргентыне і Рэспубліцы Чылі, Парагваі і Пэру ў сумяшчэньні Ўладзімер Астапенка падаў у адстаўку ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.
Супрацоўніка цэнтральнага апарату, начальніка гісторыка-архіўнага аддзяленьня МЗС Вячаслава Казачэнку, які выйшаў на пікет супраць гвалту ў краіне, звольнілі з замежнапалітычнага ведамства паводле артыкулу; кіраўнік дэпартамэнту Паўночнай Амэрыкі і Заходняй Эўропы Андрэй Бушыла і першы сакратар упраўленьня Эўропы МЗС Павал Слюнькін самі падалі ў адстаўку.
З МЗС Беларусі са згоды бакоў звольнілі таксама старшага дарадцу ўпраўленьня Эўропы Андрэя Садоўскага — за публікацыю ў сацыяльных сетках уласных вершаў з асуджэньнем пасьлявыбарчага гвалту.