Лукашэнка ў адказ на падтрымку мірных пратэстоўцаў звольніў Ігара Ляшчэню з пасады і пазбавіў рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла.
Экс-амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня расказаў у гутарцы са Свабодай пра тое, як прыняў рашэньне падтрымаць мірныя пратэсты, калі скончацца чысткі ў Міністэрстве замежных спраў, чаму ён і іншыя чыноўнікі не ўвайшлі ў Каардынацыйную раду і навошта ўлады няславяць бел-чырвона-белы сьцяг.
Ігара Ляшчэню звольнілі з пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Славаччыне 24 жніўня — указ падпісаў Аляксандар Лукашэнка.
Раней дыплямат падтрымаў беларусаў, якія выходзілі на акцыі пратэсту ў Менску ды іншых гарадах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
«Я салідарны з тымі, хто выходзіў на вуліцы гарадоў зь мірнымі шэсьцямі, каб іх голас быў пачуты. Як ураджэнец Жодзіна я з вамі, рабочыя БелАЗу і заводу цяжкіх штамповак», — сказаў ён у адмысловым відэазвароце.
Гэта быў першы амбасадар Беларусі, які падтрымаў пратэстоўцаў. Ігар Ляшчэня адзначыў, што ён быў у шоку ад гісторый пра катаваньні і зьбіцьцё грамадзянаў сваёй краіны.