Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон гатовы сустрэцца зь Сьвятланай Ціханоўскай падчас свайго візыту ў Літву, калі яна папросіць аб гэтым, паведамляе «РИА Новости» са спасылкай на прадстаўніка францускага ўраду Габрыэля Аталя.
«Калі Сьвятлана Ціханоўсая папросіць сустрэчы, прэзыдэнт рэспублікі сустрэнецца зь ёю у ходзе свайго візыту», — сказаў Аталь.
Макрон прыбывае ў Вільню сёньня пасьля абеду.
Перад візытам Макрон заявіў, што непрызнаны за фальсіфікацыю вынікаў выбараў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка павінен сысьці.
У адказ на гэта Лукашэнка параіў Макрону заняцца ўнутранымі справамі сваёй краіны. На думку Лукашэнкі, Макрон павінен быў сысьці ў адстаўку яшчэ два гады таму, калі на вуліцы Парыжа пачалі выходзіць «жоўтыя камізэлькі».