Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон лічыць, што Аляксандру Лукашэнку варта добраахвотна пакінуць пасаду. Пра гэта францускі лідэр заявіў у эксклюзіўным інтэрвію выданьню Le Journal du Dimanche, апублікаваным у нядзелю.
Свае думкі пра падзеі ў Беларусі Макрон выказаў напярэдадні свайго візыту ў Літву і Латвію, які пачынаецца сёньня.
«Гэта крызіс улады, аўтарытарнай улады, якая ня можа прыняць лёгіку дэмакратыі і спрабуе ўтрымацца пры дапамозе сілы. Відавочна, што Лукашэнка павінен сысьці», — перадае выданьне словы прэзыдэнта Францыі.
Макрон таксама адзначыў, што захапляецца мужнасьцю беларусаў, якія бяруць удзел у пратэстах. «Яны разумеюць рызыку, на якую ідуць, выходзячы кожны тыдзень па выходных на дэманстрацыі, і ўсё ж яны працягваюць гэта рабіць, імкнучыся удыхнуць жыцьцё ў так даўно здушваную ў гэтай краіне дэмакратыю», — сказаў францускі прэзыдэнт. Ён падкрэсьліў, што асаблівай павагі заслугоўваюць жанчыны – удзельніцы пратэстаў.
Францускі лідэр лічыць, што значная роля ва ўрэгуляваньні сытуацыі ў Беларусі мусіць быць адведзеная Расеі. «У Расеі вельмі цесныя сувязі зь Беларусьсю. Ня варта забываць, што вялікая частка маніфэстантаў зусім ня ставіць гэтыя сувязі пад сумнеў», — сказаў Макрон.
Ён нагадаў, што «правёў перамовы з Уладзімірам Пуціным 14 верасьня, калі той прымаў Лукашэнку ў Сочы». «Я сказаў яму, што Расеі належыць адыграць у цяперашніх падзеях сваю ролю. І што гэтая роля можа быць пазытыўнай, калі РФ падштурхне Лукашэнку да неабходнасьці як падпарадкавацца сапраўдным вынікам выбараў, так і вызваліць палітычных зьняволеных», — сказаў Макрон. «Аднак прайшло 15 дзён, а гэта так і не было дасягнута», — дадаў ён.
У сувязі з выказваньнямі прэзыдэнта Францыі аб сытуацыі ў Беларусі, журналісты Le Journal du Dimanche зьвярнуліся да Элізэйскага палаца з пытаньнем, ці адбудзецца сустрэча Макрона са Сьвятланай Ціханоўскай у Вільні, дзе ў панядзелак пачынаецца ягоны візыт у Літву. «Гэта не выключаецца, аднак такога пункту няма ў праграме візыту. Сустрэча адбудзецца, калі Ціханоўская выкажа такое пажаданьне», — адказалі ў адміністрацыі францускага прэзыдэнта. Разам з тым там удакладнілі, што ўжо заплянавана, што кіраўнік МЗС Францыі Жан-Іў Лё Дрыян, які будзе суправаджаць Макрона падчас візыту ў Літву і Латвію, правядзе сустрэчу зь Ціханоўскай.