Суд у Ерэване задаволіў хадайніцтва Службы нацыянальнай бясьпекі аб арышце на два месяцы старшыні найбуйнейшай у краіне апазыцыйнай партыі «Квітнеючая Армэнія» Гагіка Царук’яна.
Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.
Царук’яну выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі перадвыбарчага хабару падчас парлямэнцкіх выбараў у 2017 годзе.
Царук'ян заяўляе, што справа супраць яго мае палітычную подбіўку.
16 чэрвеня парлямэнт Армэніі прагаласаваў за пазбаўленьне Царук’яна дэпутацкай недатыкальнасьці.
На пачатку чэрвеня кіраўнік другой паводле колькасьці палітычнай сілы парлямэнту Армэніі (25 з 132 дэпутатаў) Царук’ян заявіў пра неабходнасьць адстаўкі прэмʼер-міністра Нікола Пашыньяна і яго ўраду.
Паводле армянскіх СМІ, Гагік Царук’ян, з домам якога мяжуе беларуская амбасада, лічыцца сябрам Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі неаднаразова сустракаўся зь ім у Армэніі і нават прысутнічаў на асьвячэньні царквы, пабудаванай на грошы алігарха.
У 2010 годзе, калі ў Ерэване пачаў працу армяна-беларускі цэнтар аптовага гандлю, на Ерэванскім каньячным заводзе Царук’ян заклаў у гонар Мікалая Лукашэнкі 400-літровую бочку каньяку. Бочка чакае, калі Мікалай стане дарослым.
Царук’ян быў сузаснавальнікам супольнага прадпрыемства па разьліве ў Беларусі армянскага каньяку.
У верасьні 2013 году Лукашэнка ўзнагародзіў Царук’яна беларускім ордэнам Дружбы народаў, а ў кастрычніку 2016 году Царук’ян падараваў ягонаму 12-гадоваму сыну Мікалаю Лукашэнку чатырох белых паўночнаафрыканскіх ільвянятаў.
Пасьля сёлетніх выбараў у Беларусі Царук’ян павіншаваў Аляксандра Лукашэнку зь перамогай на іх.
«Беспрэцэдэнтная колькасьць тых, хто прагаласаваў за вас, сьведчыць аб вашым непараўнальным аўтарытэце і безумоўным даверы народу», — напісаў тады Царук’ян Лукашэнку.
Зь перамогай на выбарах Лукашэнку павіншаваў і прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян.