Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Ерэване адкрые новае казіно


Выступае Гагік Царукян
Выступае Гагік Царукян
Увечары 12 траўня ў Ерэван з афіцыйным візытам прыбыў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Як паведамляе армянскі інтэрнэт-рэсурс, Лукашэнку ў аэрапорце сустрэў вядомы армянскі алігарх, лідэр партыі «Квітнеючая Армэнія» Гагік Царукян. Ён адвёз госьця ў свой асабняк, які знаходзіцца непадалёк ад Ерэвану.

Афіцыйная цырымонія сустрэчы кіраўнікоў Армэніі і Беларусі Сержа Саргсяна і Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца сёньня ў прэзыдэнцкім палацы. У межах афіцыйнага візыту кіраўнік Беларусі наведае мэмарыяльны комплекс «Цыцэрнакабэрд» і аддасьць даніну павагі памяці ахвяраў генацыду армян. 14 траўня Аляксандар Лукашэнка наведае Армянскую атамную электрастанцыю, таксама прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцьця ў Ерэване армяна-беларускага гандлёвага дому. У той жа дзень прэзыдэнты Армэніі і Беларусі будуць прысутнічаць на цырымоніі асьвячэньня новазбудаванай царквы Сьв. Яна Хрысьціцеля ў горадзе Абавяне, царква была пабудаваная на сродкі сям'і Царукянаў.

Паводле паведамленьняў армянскіх СМІ, Аляксандар Лукашэнка будзе прысутнічаць таксама на цырымоніі адкрыцьця новага казіно і рэстараннага комплексу Гагіка Царукяна.

Падчас нядаўніх выбараў у Гарадзкую раду Ерэвана партыя Царукяна «Квітнеючая Армэнія» заняла другое месца. «Квітнеючая Армэнія» мае другую паводле колькасьці фракцыю ў парлямэнце. Асабістае багацьце спадара Царукяна ацэньваецца ў паўмільярда даляраў.

Гагік Царукян мае бізнэс у Беларусі, летась у Менску была адкрытая лінія разьліву армянскага каньяку. На цырымоніі адкрыцьця вытворчасьці прысутнічаў Аляксандар Лукашэнка.

«Гэта за тое, што ты чалавек слова: сказаў – зрабіў» – сказаў падчас урачыстага запуску лініі Лукашэнка Царукяну.

У 2010 годзе ў Ерэване пачаў працу армяна-беларускі цэнтар аптовага гандлю. Тады Царукян выказаў сваю ўдзячнасьць кіраўніку Беларусі за спрыяньне ў разьвіцьці сумеснага праекту. Менавіта тады, падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Армэнію на Ерэванскім каньячным заводзе Царукян заклаў у гонар Колі Лукашэнкі 400-літровую бочка каньяку. Бочка чакае, калі Коля стане дарослым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG