26 верасьня ў Беларусі працягваюцца затрыманьні мірных грамадзянаў. Праваабаронцы з цэнтру «Вясна» папаўняюць сьпіс затрыманых.
Раніцай у менскім парку Дружбы народаў праходзіў дабрачынны «Забег свабодных», удзельнікі якога такім чынам выказвалі падтрымку палітвязьням Максіму Знаку і Ільлю Салею.
Аднак неўзабаве пачаліся затрыманьні. Прозвішчы ўдзельнікаў забегу, якім давялося сысьці з дыстанцыі, высьвятляюцца. Згодна з папярэдняй інфармацыяй, іх зьмясьцілі ў цэнтар ізаляцыі на завулку Акрэсьціна.
У другой палове дня на традыцыйным «Жаночым маршы» ў Менску каля Камароўскага рынку пачалі затрымліваць удзельніц акцыі. Разам зь імі хапаюць выпадковых мінакоў і журналістаў.
Невядомы ў балаклаве груба схапіў за дрэўка сьцяг, які трымала 73-гадовая Ніна Багінская, і практычна зацягнуў жанчыну ў мікрааўтобус. Пазьней яе выпусьцілі, але сьцяг не аддалі.
На гэты час вядомыя прозьвішчы двух з паловай дзясяткаў затрыманых, аднак сілавікі ў мікрааўтобусах з танаванымі шыбамі і без нумароў едуць сьледам за калёнай, якая выйшла на праспэкт Незалежнасьці.