Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прапанаваў ЗША «абмяняцца гарантыямі неўмяшаньня»


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Уладзімір Пуцін прапанаваў Злучаным Штатам «абмяняцца гарантыямі неўмяшаньня ва ўнутраныя справы адно аднаго, уключаючы выбарчыя працэсы». Заява пра гэта апублікаваная ў пятніцу на сайце Крамля. Яна не прымеркаваная да нейкіх пэўных падзеяў.

У цэнтры заявы расейскага прэзыдэнта — прапанова распрацаваць «комплексную праграму мер аднаўленьня расейска-амэрыканскага супрацоўніцтва ў галіне міжнароднай інфармацыйнай бясьпекі». У дакумэнце гаворыцца пра неабходнасьць «перазагрузкі» адносін Расеі і ЗША ў сфэры выкарыстаньня інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій.

Прапануецца, у прыватнасьці, забясьпечыць працу каналаў сувязі паміж Масквой і Вашынгтонам «па лініі цэнтраў для зьмяншэньня ядзернай небясьпекі, груп апэратыўнага рэагаваньня на кампутарныя інцыдэнты».

Прапануецца таксама заключыць двухбаковае міжурадавае пагадненьне аб прадухіленьні інцыдэнтаў у інфармацыйнай прасторы.

Пра гарантыі неўмяшаньня ў выбары гаворыцца, што яны павінны быць дадзеныя «ва ўзаемапрымальнай форме» і закранаць сфэру інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій. Таксама Пуцін прапануе заключыць глябальную дамоўленасьць аб ненанясеньні першымі ўдару з выкарыстаньнем кампутарных тэхналёгій.

Рэакцыі амэрыканскага боку на заявы Крамля пакуль не было.

  • Злучаныя Штаты неаднаразова абвінавачвалі Расею ў падрыўных дзеяньнях у сфэры інфармацыйных кампутарных тэхналёгій — ад маштабных кібэратак на інфраструктуру іншых краін (у прыватнасьці, Украіны і Грузіі, але і саміх ЗША) і міжнародных арганізацый і хакерскіх нападах (у тым ліку на сэрвэры Дэмакратычнай партыі ў 2016 годзе — адзін з галоўных эпізодаў расейскага ўмяшаньня ў выбары ў ЗША) да дзейнасьці так званых «фабрык троляў», разьмяшчэньня «фэйкавых навінаў» у інтэрнэце, выкарыстаньня сацсетак для ўмяшаньня ў выбары і іншыя палітычныя працэсы ў замежных краінах.
  • У датычнасьці да кібэратак абвінавачваюцца, у прыватнасьці, супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў, асабліва Галоўнае ўпраўленьне Генштабу (ГРУ), а таксама так званае Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў, зьвязанае з блізкім да Крамля прадпрымальнікам Яўгенам Прыгожыным.
  • Менавіта дзейнасьць расейскіх структур у сфэры інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій — галоўны пункт абвінавачаньняў на адрас Расеі ва ўмяшаньні ў выбары ў ЗША.
  • Крэмль адмаўляе ўсе абвінавачаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG