Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Расея мае супэрзброю. Трамп: расейцы скралі яе ў ЗША


Расейская ракета «Авангард»
Расейская ракета «Авангард»

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 19 верасьня заявіў, што ўпершыню ў найноўшай гісторыі Расея валодае самай дасканалай зброяй, здольнай абараніць краіну ад якіх-кольвек замахаў звонку.

«На працягу дзесяцігодзьдзяў нам пастаянна даводзілася быць у ролі даганятых; гэта тычылася атамнай, ядзернай зброі, затым далёкай стратэгічнай авіяцыі, а потым і ракетнай міжкантынэнтальнай тэхнікі, гэта значыць таго, што спэцыялісты называюць сродкамі дастаўкі», — цытуе Пуціна агенцтва ТАСС. — Вось цяпер, упершыню ў нашай найноўшай гісторыі, Расея валодае самымі сучаснымі відамі зброі, якія шматкроць перавышаюць паводле сілы, моцы, хуткасьці, дакладнасьці ўсе (віды ўзбраеньня. — РС), якія існавалі і існуюць сёньня, такой зброі няма ні ў кога ў сьвеце, ва ўсякім разе пакуль няма».

У Дзень збройніка Пуцін павіншаваў распрацоўнікаў і вытворцаў лязэрнага комплексу «Пересвет», авіяцыйнай гіпэргукавай ракеты «Кинжал», марскога падводнага рабатызаванага комплексу зь
ядзерным рухавіком «Посейдон», крылатай ракеты неабмежаванай далёкасьці «Буревестник», гіпэргукавой ракеты марскога базаваньня «Циркон» і іншых відаў, якія ўжо паступаюць або неўзабаве паступяць на ўзбраеньне ў армію і флёт, паведамляе «Интерфакс».

Асобна прэзыдэнт Расеі вылучыў ракетную сыстэму «Авангард»:

«У гэтым шэрагу ў сыстэмы ”Авангард” з манэўравым гіпэргукавым блёкам, які рухаецца з хуткасьцю ў 27 разоў большай за хуткасьць гуку і зьмяняе кірунак у вышыні і ў гарызанталі, — асаблівае месца. «Авангард» — гэта ня проста новая сыстэма, гэта новы від стратэгічнай зброі», — сказаў ён.

У сьнежні летась у Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што на баявое дзяжурства пастаўлены першы ракетны полк, узброены стратэгічным комплексам з гіпэргукавым баявым блёкам «Авангард». Раней міністэрства паведамляла аб падрыхтоўцы да разгортваньня першага палку з «Авангардам» пад Арэнбургам.

Тым часам прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на сустрэчы з прыхільнікамі ў штаце Мінэсота заявіў, што Расея стварыла сваю гіпэргукавую зброю на падставе зьвестак, скрадзеных у адміністрацыі экс-прэзыдэнта Злучаных Штатаў Барака Абамы.

«У іх ёсьць ракета, супэр-пупэр-гіпэргукавая. Я называю яе супэр-пупэр, бо яна ў пяць разоў хутчэйшая, чым звычайная ракета», — сказаў Трамп. Аднак, паводле прэзыдэнта, ЗША маюць ракету, якая разьвівае нашмат большую хуткасьць. Гэтай зброі зайздросьцяць амэрыканцам Расея і Кітай, падкрэсьліў Трамп.

Аб распрацоўцы амэрыканскай ракеты, якая будзе ў 17 разоў хутчэйшая за ракеты іншых краін, Трамп паведаміў у траўні. Пэнтагон пацьвердзіў інфармацыю Трампа. Журналісты CNN тады адзначылі, што зброя ЗША ўсё яшчэ саступае расейскім і кітайскім распрацоўкам. Паводле зьвестак СМІ, на ўзбраеньне новая ракета Злучаных Штатаў паступіць не раней за 2023 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG