Пра гэта старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік расказаў падчас сустрэчы 22 верасьня з акторамі драматычнага тэатру. Запіс размовы трапіў у рэдакцыю Hrodna.life.
«Наш артыст быў пабіты 10 жніўня! <...> І адной крымінальнай справы не завялі!» — казалі акторы падчас сустрэчы.
«Я вам скажу, што завялі адну крымінальную справу», — адказаў на гэта Ўладзімер Каранік.
Пра дэталі справы ён не расказаў. Атрымаць камэнтар у прэс-службе УСК Горадзенскай вобласьці Hrodna.life не ўдалося.
На пачатак верасьня беларускія праваабаронцы зафіксавалі больш за 500 сьведчаньняў катаваньня мірных пратэстоўцаў сілавікамі. Дасюль не было вядома пра ніводзін выпадак завядзеньня крымінальнай справы на сілавікоў за зьбіцьцё мірных пратэстоўцаў у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
У той жа час з пачатку кампаніі выбараў прэзыдэнта Беларусі 2020 году за чатыры з паловай месяцы ў Беларусі завялі больш за 250 крымінальных спраў супраць удзельніках прэзыдэнцкай гонкі, актывістаў іх штабоў, удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту пасьля выбарчай кампаніі.