Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міністэрства закрыта, усе на фронце». Як беларускае МЗС засталося бяз працы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Апошнія падзеі, зьвязаныя з радыкальным замежнапалітычным паваротам Беларусі, даюць падставу паразважаць, што папраўдзе ёсьць замежная палітыка ў беларускім выпадку.

Сьцісла:

  • Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму замежная палітыка — усяго толькі спосаб, сродак, інструмэнт утрыманьня ўлады адным чалавекам.
  • Лукашэнка ўжо не зважае на сувэрэнітэт і папрасіў Пуціна ўвесьці ў Беларусь расейскія войскі. Улада важнейшая за незалежнасьць.
  • Чыноўнікі абвяшчаюць аб адмове ад шматвэктарнай палітыкі.
  • Замежная палітыка ў звычайным сэнсе зьнікае. МЗС застаецца бяз працы.

У падручніках па міжнародных адносінах канстатуецца, што замежная палітыка адлюстроўвае нацыянальныя інтарэсы дзяржаваў. Так павінна быць, згодна з тэорыяй.

Апошнімі гадамі, асабліва пасьля Крыму, беларускія афіцыйныя асобы (Лукашэнка, Макей і інш.) шмат увагі ўдзялялі абгрунтаваньню канцэпту шматвэктарнасьці. Беларусь як краіна-міратворца, Хэльсынкі-2, донар стабільнасьці рэгіёну і гэтак далей.

Экспэрты, у тым ліку незалежныя, падводзілі пад гэта тэарэтычны падмурак. Яны (напрыклад, Яўген Прэйгерман) шмат пісалі, што замежная палітыка Беларусі абумоўлена геапалітычным чыньнікам, таму невялікай краіне, якая знаходзіцца паміж двума моцнымі цэнтрамі сілы (Расея і Эўразьвяз), проста наканавана праводзіць палітыку балянсаваньня, сябраваць з усімі, дывэрсіфікаваць адносіны, пазьбягаць моцнай залежнасьці толькі ад адной краіны і г. д. З тэарэтычнага гледзішча, здаецца, усё правільна.

І трэба ж было здарыцца цяперашняму палітычнаму крызысу, каб усе гэтыя абстрактныя пабудовы разьляцеліся ўшчэнт.

Высьветлілася, што ва аўтарытарным рэжыме замежная палітыка — усяго толькі спосаб, сродак, інструмэнт утрыманьня ўлады адным чалавекам. І больш нічога. Замежнапалітычны разварот цягам літаральна некалькіх дзён прадэманстраваў гэта ў крыштальна чыстым выглядзе.

Тое, што гэтую функцыю (утрыманьне ўлады) выконваюць, напрыклад, сілавыя структуры, праваахоўныя органы, было зразумела і раней. А вось МЗС, здавалася б, трохі іншае ведамства, якое зыходзіць зь дзяржаўных інтарэсаў, якія так хутка не мяняюцца. А аказалася, насамрэч усё значна прасьцей і прымітыўней. Увесь дзяржаўны інтарэс зьвёўся да таго, каб дапамагчы «пасінелым пальцам».

Лукашэнка апошнімі гадамі шмат цьвердзіў пра неабходнасьць умацаваньня сувэрэнітэту Беларусі. На гэтай ідэі была фактычна пабудаваная ягоная перадвыбарная кампанія. Маўляў, беларусы не павінны больш хадзіць «пад бізуном». А як толькі запахла смажаным, узьнікла пагроза ўладзе, дык адразу стаў прасіць Пуціна ўвесьці ў Беларусь расейскія войскі. Улада важнейшая за сувэрэнітэт.

Лукашэнка выступае на канцэрце ў сваю падтрымку ў Менску, 17 верасьня
Лукашэнка выступае на канцэрце ў сваю падтрымку ў Менску, 17 верасьня

На нашых вачах адсякаецца заходні вэктар. 18 верасьня кіраўнік беларускага МЗС Уладзімер Макей прыгразіў, што калі ЭЗ прыме санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі, то Менск можа разарваць дыпляматычныя адносіны зь дзяржавамі Эўразьвязу.

А 21 верасьня старшыня камісіі міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных заявіў, што «шматвэктарная палітыка ... больш не забясьпечвае патрэбныя ўмовы для спрыяльнага разьвіцьця Беларусі» і найвышэйшым прыярытэтам для краіны становіцца «ўмацаваньне палітычных, эканамічных і вайсковых стасункаў з Расейскай Фэдэрацыяй у рамках саюзнай дзяржавы».

Значыць, дасюль шматвэктарная палітыка спрыяла разьвіцьцю краіны, а цяпер раптам перастала. Прага ўлады аднаго чалавека падмяніла нацыянальныя інтарэсы.

Некаторыя экспэрты назвалі працэс апошняга месяца «дэфолтам» замежнай палітыкі Беларусі. Сапраўды, адмова ад шматвэктарнасьці, вяртаньне да аднаго вэктару азначае, што замежная палітыка ў звычайным сэнсе зьнікае. Як і дыпляматыя. Каб кантактаваць з расейскімі чыноўнікамі, МЗС не патрэбен. Адносіны з РФ адбываюцца, як правіла, пры мінімальным удзеле Міністэрства замежных спраў. Нагадаю, што амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка адначасова зьяўляецца і віцэ-прэм’ерам. Значыць, ён мае большы ранг, чым Уладзімер Макей, які ўсяго толькі міністар.

Таму на дзьвярах МЗС цяпер можна вывесіць таблічку: «Міністэрства закрыта, усе пайшлі на фронт барацьбы за ўтрыманьне ўлады Лукашэнкі».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG