Тысячы людзей выйшлі ў суботу на вуліцы Бангкоку з патрабаваньнем рэфармаваць палітычную сыстэму краіны і саму манархію. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.
«Далоў фэадалізм, жыве народ», — скандавалі людзі.
Паводле паліцыі, гэта была найбуйнейшая за многія гады акцыя, якая сабрала сама меней 15 тысяч чалавек. Самі арганізатары сьцьвярджаюць, што сабралі ня менш за 50 тысяч. Пры гэтым абышлося бяз гвалту.
У Тайляндзе зь ліпеня не сьціхаюць выступы з патрабаваньнем адстаўкі прэм’ер-міністра Праюта Чан-Оча, які прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту ў 2014 годзе і атрымаў спрэчную перамогу на леташніх выбарах.
«Я спадзяюся, што людзі ва ўладзе зразумеюць, што народ — гэта важна, — заявіў адзін з студэнцкіх лідэраў акцыі, — мы змагаемся за тое, каб манархія займала належнае ёй месца, а не за яе адмену».
Пытаньне аб рэформе манархіі зьяўляецца ў Тайляндзе вельмі далікатным, паколькі любая крытыка ў адрас караля паводле закону караецца доўгім турэмным зьняволеньнем.